1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
43 из 72
Калi нейкi дакумент падлягаў знiшчэнню або недзе валяўся непатрэбны шматок паперы, любы службовец Мiнiстэрства аўтаматычным рухам адкiдаў краткi найблiжэйшай дзiры памяцi i кiдаў туды паперу, а далей павеў цёплагапаветра нёс яе да вялiзных печаў, што былi схаваныя ў патаемных глыбiнях будынка.
Ўiнстан разгарнуў i прачытаў чатыры цыдулкi. У кожнай было кароткае паведамленне-iнструкцыя з аднаго цi двух радкоў на скарочаным жаргоне, якi ўжываўся ў Мiнiстэрстве ва ўнутраных мэтах i меў шмат паасобных слоў з навамоўя. Там было напiсана:
таймз 17.3.84 вб прамова афрыка памылзвест выправiць
таймз 19.12.83 прагноз 3 гп 4 кв 83 памылдрук праверыць новавыд
таймз 14.2.84 мiндаст шакалад памылцыт выправiць
таймз 3.12.83 справаздача вб загад дня звышплюснядобра называе нечалавекаў усё перапiсаць угору перадархiў
Ўiнстан задаволена адклаў апошняе паведамленне ўбок. Гэта было складанае i адказнае заданне, i ён вырашыў адкласцi яго на пасля. Тры астатнiя былi звычайнымi, хоць другое i патрабавала нуднага перагляду шматлiкiх лiчбаў.
Ўiнстан набраў на тэлеглядзе "Старыя нумары", замовiў "Таймз" за адпаведныя днi, i праз пару iмгненняў яны ўжо выпалi з трубкi пнеўматычнай пошты. Паведамленнi, што ён атрымаў, датычылi газетных артыкулаў i рэпартажаў, якiя з той або iншай прычыны было патрэбна выправiць цi, паводле афiцыйнай тэрмiналогii, удакладнiць. Так, напрыклад, з "Таймз" за 17 сакавiка вынiкала, што напярэдаднi Вялiкi Брат у сваёй прамове прадказаў, што на Паўднёва-iндыйскiм фронце ўсё будзе спакойна, а ў Паўночнай Афрыцы хутка пачнецца эўразiйскi наступ. У сапраўднасцi, аднак, Эўразiйскае Вышэйшае Камандаванне запланавала наступ у Паўднёвай Iндыi, а ў Афрыцы панаваў спакой.
|< Пред. 41 42 43 44 45 След. >|