1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 45 из 72

Калi ўсе папраўкi, неабходныя для аднаго нумару "Таймз", збiралiся i крытычна параўноўвалiся адна з адной, нумар друкаваўся нанова, старыя нумары знiшчалiся, а iх месца на архiўных палiцах займалi новыя, выпраўленыя выданнi. Гэты няспынны працэс пераробкi ахоплiваў не толькi газеты, але i кнiгi, часопiсы, брашуры, плакаты, улёткi, фiльмы, магнiтазапiсы, мультфiльмы, фотаздымкi - усе вiды лiтаратуры цi дакументацыi, якiя маглi мець хоць якое палiтычнае цi iдэалагiчнае значэнне. Мiнулае асучаснiвалася штодзённа, нават штохвiлiнна. Гэткiм чынам зацвярджалася дакументальна слушнасць кожнага партыйнага выказвання. Натуральна ж, не пакiдалася нiякiх пiсьмова зафiксаваных паведамленняў i выказванняў, якiя б супярэчылi iнтарэсам бягучага моманту. Уся гiсторыя была палiмпсестам, з якога саскрэбвалi старыя пiсьмёны i пiсалi новыя, так часта, як гэта было неабходна. Пасля таго як справа была зробленая, было абсалютна немагчыма выявiць фальшаванне. Самая вялiкая секцыя аддзела дакументацыi, значна большая за тую, дзе працаваў Ўiнстан, складалася з людзей, задачай якiх было вышукваць i збiраць усе асобнiкi кнiг, газет i iншых дакументаў, што сталi несапраўднымi i падлягалi знiшчэнню. Такiм чынам, адзiн нумар "Таймз" з прычыны змены палiтычнай кан'юнктуры або нездзяйснення памылковых прагнозаў Вялiкага Брата быў ужо, магчыма, тузiн разоў перапiсаны, аднак усё яшчэ стаяў у архiве пад першапачатковай датай, i нiдзе не iснавала супярэчнага яму асобнiка. Кнiгi таксама канфiскоўвалi, хутка перапiсвалi i выдавалi зноў без найменшай спасылкi на змены ў тэксце.

|< Пред. 43 44 45 46 47 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]