1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
46 из 72
Нават у пiсьмовых iнструкцыях, якiя Ўiнстан атрымлiваў i, выканаўшы, заўсёды адразу знiшчаў, не ўпамiналася нi слова пра тое, што трэба было зрабiць фальшаванне: гаворка заўсёды iшла пра недагляд, памылкi цi неправераныя цытаты, якiя дзеля дакладнасцi трэба было прывесцi да ладу.
I сапраўды, думаў ён, выпраўляючы лiчбы Мiнiстэрства Дастатку, гэта было нават не фальшаванне. Проста адну бязглуздзiцу замянялi на другую. Матэрыял, якi трэба было перарабiць, у большасцi выпадкаў не меў нiчога агульнага з рэчаiснасцю. Лiчбы ў першапачатковым варыянце былi гэткiм жа прадуктам фантазii, як i выпраўленнi. Часцей за ўсё iх проста выдумлялi. Напрыклад, Мiнiстэрства Дастатку ў сваiх прагнозах прадугледжвала, што выпуск ботаў за квартал складзе 145 мiльёнаў пар. Паводле фактычных дадзеных, было выпушчана 62 мiльёны. Перапiсваючы прагнозы, Ўiнстан, аднак, зменшыў лiчбу да 57 мiльёнаў, каб стварыць падставы для звычайнага сцверджання, што план быў перавыкананы. Аднак 62 мiльёны былi не блiжэй да рэчаiснасцi, чым 57 або 145 мiльёнаў. Вельмi верагодна, што ўвогуле не было выпушчана нiводнага бота. Яшчэ верагодней было тое, што нiхто не ведаў, колькi ботаў выпушчана, не кажучы ўжо пра тое, што гэта нiкога не цiкавiла. Вядома было толькi, што на паперы за квартал выпушчана астранамiчная колькасць ботаў, тым часам як, можа, палова насельнiцтва Акiянii хадзiла босая. I гэтак было з кожным дакументальна зафiксаваным фактам, незалежна ад яго важнасцi.
|< Пред. 44 45 46 47 48 След. >|