1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 47 из 72

Усё расплывалася ў нейкiм свеце ценяў, дзе ўрэшце нават даты сталi няпэўнымi.

Ўiнстан кiнуў позiрк праз залу. У гэткай самай нiшы-кабiнеце з другога боку працаваў Тылатсан, маленькi педантычны чалавек са скамячанай газетай на каленях, з мiкрафонам мовапiса каля самага рота. Ён трымаўся так, быццам тое, што ён казаў, мусiла застацца таямнiцай памiж iм i тэлеглядам. Ён падняў вочы, i яго акуляры варожа блiснулi.

Ўiнстан мала ведаў Тылатсана i не меў нiякага ўяўлення, чым ён займаецца. Людзi ў аддзеле дакументацыi не любiлi гаварыць пра сваю працу. У вялiкай зале без вокнаў з двума радамi нiшаў, з заўсёдным шамаценнем паперы i цiхiм гоманам галасоў, што дыктавалi на мовапiсы, было з дзесятак людзей, якiх Ўiнстан не ведаў нават па iмёнах, хоць i бачыў iх штодня, калi яны паспешлiва снавалi сюды-туды па калiдоры або махалi рукамi пад час Двуххвiлiнкi Нянавiсцi. Ён ведаў, што ў суседняй нiшы маленькая жанчына з пясочнымi валасамi дзень пры днi корпалася ў прэсе, вышукваючы i выкрэслiваючы iмёны людзей, што былi выпараныя, i гэткiм чынам выходзiла, нiбыта яны нiколi не iснавалi. I чамусьцi не здавалася недарэчным, што ўсяго толькi пару гадоў таму быў выпараны яе муж. За пару нiшаў ад Ўiнстана сядзеў рахманы, няўдачлiвы, летуценны чалавек, якога звалi Эмплфорт. Ён меў парослыя шчэццю вушы i нязвыклы талент штукарыць з рыфмамi i строфамi i таму займаўся прадукаваннем перакручаных варыянтаў гэтак званых канчатковых тэкстаў - вершаў, якiя зрабiлiся iдэалагiчна шкоднымi, але з той цi iншай прычыны пакiдалiся ў хрэстаматыях.

|< Пред. 45 46 47 48 49 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]