1984 (на белорусском языке)   ::   Оруэлл Джордж

Страница: 48 из 72

А ўвогуле гэтая зала, дзе працавала каля пяцiдзесяцi чалавек, была толькi падсекцыяй, асобнай камерай у велiзарным корпусе аддзела дакументацыi. Побач, зверху i знiзу ад iх працавалi iншыя натоўпы службоўцаў, самых разнастайных спецыялiстаў. Там былi гiганцкiя друкарнi з рэдактарамi i друкарамi, былi адмыслова абсталяваныя студыi, у якiх падраблялiся фотаздымкi. Там была секцыя тэлепраграм са сваiмi тэхнiкамi, аператарамi i групамi актораў, якiх адмыслова набiралi з улiкам iх iмiтатарскiх здольнасцяў. Там быў цэлы тлум бiблiятэкараў, якiя займалiся толькi тым, што складалi спiсы кнiг i часопiсаў, што падлягалi канфiскацыi. Там былi вялiзныя печы, дзе знiшчалi першапачатковыя выданнi. I недзе ў патаемным месцы сядзеў мазгавы цэнтр, якi ўсё выпраўляў i вызначаў галоўную палiтычную лiнiю, згодна з якою той фрагмент мiнулага захоўваўся, гэты фальшаваўся, а яшчэ нейкi ўвогуле пераставаў iснаваць.

I разам з тым аддзел дакументацыi быў толькi адным асобным адгалiнаваннем Мiнiстэрства Праўды, галоўная задача якога палягала не ў тым, каб перапiсваць мiнулае, а каб забяспечваць грамадзян Акiянii газетамi, фiльмамi, падручнiкамi, тэлепраграмамi, тэатральнымi п'есамi, раманамi, карацей кажучы, усiмi магчымымi вiдамi iнфармацыi, навучання i забаў, ад помнiкаў да лозунгаў, ад лiрычных вершаў да бiялагiчных трактатаў, ад дзiцячых лемантароў да слоўнiкаў навамоўя. I Мiнiстэрства мусiла задавальняць не толькi разнастайныя патрэбы Партыi, але i паўтараць увесь вытворчы працэс на нiжэйшым узроўнi для патрэбаў пралетарыяту.

|< Пред. 46 47 48 49 50 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]