1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
50 из 72
Ён разгарнуў паведамленне, якоеранiцай адклаў убок. Там было напiсана:
таймз 3.12.83 справаздача вб загад дня звышплюнядобра называе нечалавекаў усё перапiсаць угору перадархiў
На старамоўе гэта можна было перакласцi так:
Паведамленне пра Загад дня Вялiкага Брата ў Таймз ад 3 снежня 1983 года вельмi незадавальняючае i згадвае неiснуючых асоб. Перапiшыце яго цалкам i накiруйце ваш папярэднi варыянт у вышэйшыя iнстанцыi, перш чым здаць у архiў.
Ўiнстан прачытаў забракаваны артыкул. Загад дня Вялiкага Брата быў у асноўным прысвечаны выхваленню дзейнасцi арганiзацыi, вядомай пад назвай ПКЦР, якая забяспечвала матросаў Плывучых Крэпасцяў цыгарэтамi i рыштункам. Нейкi таварыш Ўiдэрз, дзеяч Унутранай Партыi, быў згаданы па iменi i ўзнагароджаны Ордэнам за Асаблiвыя Заслугi другой ступенi.
Праз тры месяцы ПКЦР была нечакана распушчана без абвяшчэння прычыны. Можна было меркаваць, што Ўiдэрз i кампанiя цяпер страцiлi ласку, аднак нi газеты, нi тэлегляд пра гэта нiчога не паведамлялi. I ў гэтым не было нiчога дзiўнага, бо звычайна палiтычных злачынцаў не судзiлi i публiчна не абвiнавачвалi. Вялiкiя чысткi, што закраналi тысячы людзей, з публiчнымi працэсамi над здраднiкамi i думзлачынцамi, якiя складалi прызнаннi аб сваiх нялюдскiх злачынствах, былi адмысловымi вiдовiшчамi i адбывалiся не часцей, чым раз на некалькi гадоў. Звычайна ж людзi, якiя выклiкалi незадавальненне ў Партыi, проста знiкалi, i пасля ўжо нiхто пра iх нiколi нiчога не чуў.
|< Пред. 48 49 50 51 52 След. >|