1984 (на белорусском языке) :: Оруэлл Джордж
Страница:
7 из 72
Ўiнстан кiнуў паспешлiвы позiрк у адзiн i другi бок вулiцы, пасля хуценька ўвайшоў у краму i купiў гэты тоўсты альбом за два з паловай даляры. Тады ён яшчэ не ведаў, што будзе з iм рабiць. Нiбы некага саромеючыся, ён схаваў яго ў партфель i прынёс дадому. Альбом, нават чысты, быў ужо сам па сабе рэччу, небяспечнай для захавання.
Пачаць дзённiк - вось што ён збiраўся цяпер зрабiць. Гэта не было незаконна (нiчога не было незаконна, бо нiякiх законаў ужо не iснавала), але калi б пра гэта нехта даведаўся, Ўiнстана, без сумнення, чакала б смерць або, прынамсi, дваццаць пяць гадоў лагера прымусовай працы. Ён уставiў сталёвае пяро ў асадку i намачыў яго языком. Пяро было старасвецкаю прыладай, iм ужо рэдка карысталiся, нават каб паставiць подпiс. Патаемна, з вялiкiмi цяжкасцямi ён набыў адно пяро, бо адчуваў, што гэтая цудоўная гладкая папера заслугоўвае на тое, каб на ёй пiсала сапраўднае пяро, а не крэмзаў нейкi чарнакрэс. Праўда, ён ужо даўно адвык пiсаць рукой; за выключэннем зусiм кароткiх нататак, ён звычайна дыктаваў усё на мовапiс, але ж цяпер, вядома, пра гэта не магло быць i гаворкi. Ён абмакнуў пяро ў чарнiла i на хвiлiнку задумаўся. Па спiне прабеглi дрыжыкi. Першая рыска на паперы была адважным учынкам. Ён вывеў маленькiмi нязграбнымi лiтарамi:
4 красавiка 1984
Ён адхiлiўся на бiльца крэсла. Пачуццё поўнай бяздарнасцi агарнула яго. Па-першае, ён зусiм не быў пэўны, што цяпер сапраўды быў 1984 год.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|