Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 12 из 39

Па-першае, такiя наведваннi цягнуцца даўжэй, а па-другое - Луiзiны рухi (а яна з'яўлялася шырока расставiўшы рукi, крыху адкiнуўшы ўсё цела назад i высока паднiмаючы перад сабою ногi) усё роўна не могуць быць непрыкмечанымi. Такiя захады нават супярэчаць яе намерам, бо кожны момант яна рызыкуе зачапiцца за якое-небудзь палатно, якiмi пазастаўляна майстэрня. Дарэчы, гэта здаралася. Тады грук будзiў дзiця, i яно, як магло, выказвала сваю незадаволенасць, што атрымлiвалася ў яго, памiж iншым, даволi пераканаўча. Бацька, зачараваны магутнасцю лёгкiх свайго сына, бег яго цешыць, i неўзабаве эстафету за iм пераймала жонка. Тады Ёна iшоў падымаць палотны, а пасля, з пэндзлем у руцэ, з захапленнем слухаў уладны i настойлiвы голас сына.

У той жа час, дзякуючы поспеху Ёны, у яго з'явiлася процьма сяброў. Гэтыя сябры нагадвалi пра сябе па тэлефоне цi неспадзявана завiтваючы ў госцi. Тэлефон, якi, усё загадзя ўзважыўшы, паставiлi ў майстэрнi, званiў часта i зноў жа на шкоду дзiцю, крыкi якога мяшалiся з назойлiвымi званкамi апарата. Калi ж Луiза ў такi момант выпадкова займалася iншымi дзецьмi, яна разам з iмi кiдалася ў майстэрню, дзе найчасцей ужо знаходзiла Ёну за тым, што ён, трымаючы ў адной руцэ дзiця, а ў другой - пэндзлi i тэлефонную трубку, прымаў мiлае запрашэнне на снеданне ў кампанii новых сяброў. Ёна быў у захапленнi ад таго, што з iм, чалавекам, якi можа весцi хiба што банальную гаворку, нехта хоча разам паснедаць; але выходзiць з дому ён лiчыў за лепшае ўвечары, бо не хацеў разбiваць свайго працоўнага дня. Але найчасцей, на жаль, у сябра выдаваўся вольны толькi сняданак, прычым менавiта гэты, i ён абавязкова хацеў правесцi яго ў кампанii дарагога Ёны.

|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]