Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
13 из 39
Дарагi Ёна згаджаўся: "Хай будзе па-вашаму!", вешаў трубку, прамаўляў: "Якi ўсё ж прыязны чалавек!" - i аддаваў дзiця Луiзе. Потым ён вяртаўся да працы, якая хутка перапынялася снеданнем цi абедам. Трэба было прыбiраць палотны, рассоўваць мудрагелiсты стол i сядаць за яго разам з дзецьмi. За ежай Ёна ўвесь час паглядаў на распачатую карцiну, i калi-нiкалi яму пачынала здавацца, што дзецi жуюць i глытаюць крыху марудна i праз гэта працэдура кожны раз цягнецца занадта ўжо доўга. Але неяк ён прачытаў у газеце, што, каб добра засвойваць харч, есцi трэба не спяшаючыся, i пасля гэтага заўсёды меў падставу парадавацца, калi доўга сядзеў за сталом.
Часам да Ёны сярод дня завiтвалi яго новыя сябры. Рато прыходзiў толькi ўвечары. Удзень ён быў на службе, дый, апроч таго, выдатна ведаў, што мастакi працуюць пры дзённым святле. Але новыя сябры ў Ёны амаль усе самi былi мастакi або крытыкi. Адны малявалi некалi раней, другiя яшчэ толькi збiралiся маляваць, i, нарэшце, трэцiя пiсалi пра тое, што намалёвана ўжо было цi яшчэ будзе. Усе яны, вядома, вельмi высока ставiлi творчую працу i скардзiлiся на сучасны грамадскi лад, якi так замiнае яе нармальнай плынi i не дае мастаку патрэбнага часу на роздум. Яны скардзiлiся на ўсё гэта, седзячы ў Ёны да позняга вечара, i малiлi яго не спыняць працы, не звяртаць на iх нiякай увагi i асаблiва не далiкатнiчаць - яны ж не мяшчане i ведаюць, якi дарагi ў мастака час.
|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|