Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 17 из 39

Цяпер жа ён мусiў стварыць сабе цэлы набор разнастайных меркаванняў, тым больш што яго вучнi, як i ўсе сталiчныя мастакi, увогуле мелi пэўны талент, i таму, калi яны прыходзiлi, Ёну трэба было ўмець вызначыць даволi размаiтыя адценнi, каб кожнага ўлагодзiць. Гэты прыемны абавязак прымусiў яго назапасiць даволi багаты арсенал слоў i выразаў i акрэслiць свае погляды на мастацтва. Зрэшты, такiя клопаты не падрывалi яго прыроднай прыязнасцi. Ёна хутка зразумеў, што вучнi чакаюць ад яго не крытычных заўваг, з якiмi яны не ведалi, што рабiць, а падтрымкi i, калi магчыма, ухвал. Праўда, ухваляць кожнага трэба было па-рознаму. I тут адной звычайнай зычлiвасцi Ёну магло не хапiць. Таму да зычлiвасцi ён пачаў далучаць i сваю вынаходлiвасць.

Так праходзiў Ёнаў час. Ён маляваў сярод сваiх сяброў i вучняў, якiя сядзелi вакол мальберта ўжо ў некалькi радоў. Часам да iх далучалiся i суседзi, якiя выглядвалi з сваiх вокнаў. Ёна размаўляў, абменьваўся думкамi, разглядаў прынесеныя яму палотны, мiмаходзь усмiхаўся Луiзе, супакойваў дзяцей i з iмпэтам адказваў на тэлефонныя званкi, нi на хвiлiну не пакiдаючы пэндзляў, якiмi час ад часу наносiў чарговы мазок на распачатую карцiну. З аднаго боку, жыццё ў яго было поўнае, кожная гадзiна занятая, i ён шанаваў свой лёс, якi аберагаў яго ад самоты. Але з другога боку, каб скончыць карцiну, мазкоў трэба было зрабiць шмат, i часам Ёну думалася, што i ў самоце таксама ёсць нешта добрае, бо ўрэшце яе можна перамагчы настойлiваю i карпатлiваю працай. Мiж тым, чым цiкавей было Ёну з сябрамi, тым марудней яму працавалася.

|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]