Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
19 из 39
Але Луiза схамянулася: мабыць, гэты пакой будзе Ёну занадта маленькi? Яна схапiла складаны метр, i неўзабаве яны выявiлi, што з прычыны вечнага нагрувашчвання Ёнавых карцiн i вучнёўскiх палотнаў (якiх, дарэчы, заўсёды было намнога больш) прастора, на якой яму звычайна даводзiлася працаваць, не намнога перавышала тую, што адводзiлася яму цяпер. Ёна без адкладу ўзяўся за перасяленне.
На шчасце, яго вядомасць узрастала тым больш, чым менш ён працаваў. Кожнай яго выставы чакалi, i ўслаўлялi яе ўжо загадзя. Праўда, некаторыя нешматлiкiя крытыкi, сярод якiх былi i два частыя наведнiкi Ёнавай майстэрнi, прыцiшалi гарачую зачараванасць сваiх справаздач рэдкiмi заўвагамi. Але абурэнне вучняў з лiшкам кампенсоўвала гэту маленькую непрыемнасць. Вядома, безапеляцыйна сцвярджалi яны, гэтыя крытыкi вышэй за ўсё ставяць палотны вашага першага перыяду, але цяперашнi пошук рыхтуе сапраўдную рэвалюцыю. Ёну было трошкi непрыемна, калi нехта пачынаў залiшне хвалiць яго раннiя творы, але ён хутка адганяў гэтае прыкрае пачуццё i заўсёды захоўваў сардэчную ўдзячнасць. Рато ж толькi бурчаў: "Дзiўныя тыпы... Яны хочуць, каб ты быў нерухомы, як статуй. На iх думку жыць табе, значыцца, ужо нельга!" Але Ёна абараняў вучняў. "Ты не здольны гэтага зразумець, - казаў ён Рато. - Табе падабаецца ўсё, што я малюю". Рато жартаваў: "Вось д'ябал! Ды мне ж не карцiны твае падабаюцца, а твой жывапiс".
Як бы там нi было, карцiны па-ранейшаму падабалiся публiцы, i пасля чарговай паспяховай выставы гандляр сам прапанаваў Ёну павялiчыць заробак. Ёна згадзiўся i шчыра яму падзякаваў. "Паслухаеш вас, - сказаў гандляр, - дык можна падумаць, што вы сапраўды яшчэ надаяце нейкае значэнне грошам". Такая прастадушнасць пакарыла Ёнава сэрца.
|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|