Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
18 из 39
Нават у тыя рэдкiя гадзiны, калi ён заставаўся зусiм адзiн, ён адчуваў сябе такiм стомленым, што ўжо не мог працаваць з падвойнаю сiлай. У такiя гадзiны ён мог толькi аддавацца марам пра новы лад жыцця, якi спалучаў бы ўцехi сяброўства з выгодамi самоты.
Ёна адкрыў свае думкi Луiзе, але i ў яе былi свае клопаты - двое старэйшыя хутка раслi, i дзiцячы пакой iм рабiўся ўжо цесны. Яна прапанавала перавесцi дзяцей у вялiкую залу, а iх ложкi адсланiць шырмай. Малодшага тады можна будзе размясцiць у маленькiм пакоi. Тэлефон там будзiць яго не будзе, дый месца малы нiякага не зойме, так што Ёна можа зрабiць сабе ў гэтым пакоi майстэрню. А зала ўдзень будзе служыць пад прыёмы гасцей. Ёна зможа выходзiць да iх на час, а пасля вяртацца да працы. I нараканняў гэта сустрэць не павiнна - сябры ж разумеюць, як патрэбна яму адзiнота. Апроч таго, неабходнасць трошкi раней класцi старэйшых дзяцей спаць пакароцiць вячэрнiя вiзiты. "Выдатна", - пасля некаторага разважання ўхвалiў Ёна. "I ўрэшце, - сказала Луiза, - калi твае сябры будуць адыходзiць раней, у нас будзе трошкi больш часу, каб пабыць сам-насам". Ёна раптам зiрнуў на жонку. Цень смутку прамiльгнуў па Луiзiным твары. Усхваляваны, ён прыцягнуў яе да сябе, пацалаваў i пяшчотна сцiснуў у абдымках. Луiза прытулiлася да мужа, i яны зноў адчулi сябе такiмi ж шчаслiвымi, якiмi былi на пачатку свайго сямейнага жыцця.
|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|