Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 21 из 39

Праўда, усе яны з выгляду маглi б пахвалiцца такой беззаганнаю незалежнасцю. Штодня кiшэнi ў Ёнавых штанах тапырылiся ад напханых у iх пiсьмаў, якiя заставалiся непрачытанымi i хутка замянялiся новымi. Ёна адказваў толькi на сама тэрмiновыя - тыя, што прыходзiлi ад незнаёмых; а лiсты сяброў, якiя патрабавалi больш грунтоўных разваг, адкладалiся да лепшага часу. Як бы там нi было, такая безлiч абавязкаў не дазваляла яму жыць бесклапотна i аддавацца гультаяванню. I нават калi ён працаваў, што з iм яшчэ зрэдку здаралася, яго пастаянна прыгнятала думка, што ён перад кiмсьцi вiнаваты i некуды вечна спяшаецца.

У Луiзы ўсё больш часу забiралi дзецi, яна збiвалася з ног, але па-ранейшаму намагалася зрабiць у хаце ўсё тое, што ў iншых абставiнах мог бы зрабiць i сам Ёна. I гэта кроiла яму сэрца. Бо ўрэшце ён працаваў дзеля свайго задавальнення, а на долю жонкi выпадала сама горшае. Ёна выдатна заўважаў гэта, калi Луiза адлучалася ў краму. "Тэлефон!" - крычаў старэйшы. Ёна кiдаў карцiну i хутка вяртаўся, ашчаслiўлены новым запрашэннем. "Я наконт газавай плiты!" - крычаў манцёр, якому адчыняў нехта з дзяцей. "Хвiлiнку, хвiлiнку!" Але толькi Ёна адыходзiў ад тэлефона цi ад дзвярэй, як сябар альбо вучань, цi абодва разам, ужо iшлi за iм да майстэрнi, каб па дарозе скончыць пачатую гутарку. Пацiху-патроху ўсе прызвычаiлiся стаяць у калiдоры, таўклiся там, гаманiлi, заклiкалi ў сведкi Ёну, а часам i самi ненадоўга заходзiлi да яго ў пакой. "Прынамсi, тут з вамi можна трошкi пабачыцца, каб нiхто не замiнаў", казалi тыя, хто заходзiў.

|< Пред. 19 20 21 22 23 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]