Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
25 из 39
Кватэра была ўжо бiтком напакавана гасцьмi, у маленькiм пакойчыку ў цесным гурце сапраўдных знаўцаў Ёна рабiў партрэт той, што падаравала яму сабак, а побач нейкi iншы мастак маляваў самога Ёну. Як сказала Луiза, гэта быў дзяржаўны заказ. "Карцiна будзе называцца "Мастак за працай"". Рато адышоўся ў кут i пачаў назiраць за сябрам, якi, вiдаць, вельмi занурыўся ў работу. Адзiн знаўца, якi Рато раней нiколi не бачыў, нахiлiўся да яго i шапнуў: "Гляньце, якi ў яго выгляд, га!" Рато нiчога не адказаў. Але той не сунiмаўся: "Вы мастак, я таксама. Дык вось, верце мне, ён здае". - "Ужо?" - сказаў Рато. "Але. Гэта ўсё поспех. Поспеху не вытрымлiвае нiхто. Як мастак, ён ужо прапаў". - "Дык ён здае цi ўжо прапаў?" - "Калi мастак здае, ён прапаў. Гляньце - яму няма чаго маляваць. Цяпер малююць яго самога - а потым павесяць на цвiк".
Многа пазней, калi было ўжо за поўнач, Луiза, Рато i Ёна сабралiся ў спальнi. Ёна стаяў, Луiза i Рато сядзелi на ложку, усе маўчалi. Дзецi спалi, сабакi былi ў вёсцы, куды iх удалося звезцi за невялiкую плату, толькi што Луiза перамыла гару пасуды, Ёна з Рато яе перацерлi, усе былi вельмi стомленыя. Калi яны былi ў кухнi, Рато, гледзячы на стос талерак, прапанаваў: "Вазьмiце сабе пакаёўку". Але Луiза маркотна адказала: "Ды дзе ж яна тут прыткнецца?" Цяпер яны маўчалi. "Ты задаволены?" - раптам запытаўся Рато. Ёна ўсмiхнуўся, хоць выгляд у яго быў змораны. "Але. Усе са мною вельмi прыязныя". - "Не, - сказаў Рато. - Пасцеражыся. Не ўсе яны такiя добрыя". - "Ты пра каго?" - "Пра тваiх сяброў-мастакоў, напрыклад". - "Я ведаю, - сказаў Ёна. Але амаль усе мастакi такiя. Нiхто з iх не ўпэўнены, што iснуе, як мастак.
|< Пред. 23 24 25 26 27 След. >|