Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 5 из 39

Спачатку - прынамсi, пакуль яна лiчыла, што Ёну цiкавiць выдавецкая справа, - Луiза занурылася ў лiтаратуру. Яна чытала ўсё запар, без разбору i ўжо праз некалькi тыдняў магла на ўсё выказаць сваё меркаванне. Ёна быў у захапленнi, цяпер, на яго думку, ён мог зусiм нiчога не чытаць - Луiза i так давала яму дастатковыя звесткi i паведамляла пра ўсе найбольш важныя падзеi ў лiтаратуры. "Цяпер, - запэўнiвала Луiза, - не варта казаць, што той або той паганы цi брыдкi, але - што ён сам хоча быць паганым i брыдкiм". Адценне гэта было немалаважнае, бо пагражала, як зазначыў Рато, прывесцi да асуджэння ўсяго чалавечага роду. Але Луiза аўтарытэтна заявiла, што гэтую iсцiну падтрымлiваюць адначасова i бульварная прэса i часопiсы фiласофскага кiрунку, i таму яна ёсць усеагульная i бясспрэчная. "Хай будзе па-вашаму", - сказаў Ёна i адразу забыўся на гэта бязлiтаснае адкрыццё, каб зноў паглыбiцца ў мары пра сваю зорку.

Калi ж Луiза зразумела, што Ёна цiкавiцца толькi жывапiсам, яна адразу пакiнула лiтаратуру i захапiлася выяўленчым мастацтвам. Яна пачала бегаць па музеях i выставах i паўсюль цягала за сабой Ёну, якi кепска разумеў тое, што малявалi яго сучаснiкi, i адчуваў некаторую сарамлiвасць за прастату сваiх мастацкiх прыёмаў. Аднак яму падабалася атрымлiваць такую багатую iнфармацыю пра ўсё, што тычылася яго рамяства. Праўда, ужо назаўтра ён забываў нават iмя мастака, творы якога бачыў напярэдаднi.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]