Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 110 из 117

Вядома, такiх месцаў у свеце нямала, але выпадак, зручнасць i iронiя лёсу, а таксама патрэба ў пэўным самабiчаваннi прымусiлi мяне спынiць выбар на гэтай сталiцы вод i туманаў, аплеценай шчытнаю сеткай каналаў i надзвычай напакаванай людзьмi, якiя прыязджаюць сюды з усiх куткоў свету. Я асталяваў сваю кантору ў партовым марацкiм бары. Клiентура тут сама разнамасная, бо, як вам добра вядома, бядняк нiколi не ходзiць у раскошныя рэстараны, а вось чалавек з пэўным становiшчам абавязкова, хоць раз у жыццi, ды трапляе ў пагарджаныя месцы. Тут я яго i чакаю. Мяне цiкавяць менавiта заблудныя буржуа, якiм я i выкладваю ўсю паднаготную. З вiртуознасцю штукара я ўмею выцягнуць з iх сама тонкiя i чароўныя гукi.

I гэтай карыснай прафесiяй я займаюся ў "Мехiка-Сiцi" ўжо некалькi гадоў. Як вы маглi пераканацца, збольшага яна заключаецца ў тым, каб як мага часцей ужываць публiчную споведзь. Я бэшчу сябе на чым свет стаiць. I гэта зусiм не цяжка, бо цяпер у мяне ёсць памяць. Але, заўважце, я вiнавачу сябе не груба, не ў лоб, я не б'ю сябе кулаком у грудзi. Што вы! Я спрытна лавiрую, рассыпаюся ў нюансах i лiрычных адступленнях, я будую сваю прамову згодна з кожнай асобнай катэгорыяй слухачоў - так, што нарэшце яны самi пачынаюць паддаваць пары. Я пераблытваю тое, што датычыць мяне, з тым, што датычыцца iншых. Я бяру сама агульныя рысы, уласцiвыя ўсiм, нягоды, якiя мы ўсе разам перажылi, слабасцi, якiя мы падзяляем, правiлы добрага тону i паводзiны сучаснага чалавека - такога, якiм ён лютуе ўва мне i ў другiх. З усяго гэтага я складаю адзiн суцэльны партрэт - партрэт усiх i нiкога асобна.

|< Пред. 108 109 110 111 112 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]