Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 111 из 117

Словам, я раблю своеасаблiвую маску, нечым падобную да карнавальных, гледзячы на якую кожны можа сказаць: "Чакай-чакай, ды я ж яго недзе бачыў!" Калi ж партрэт, як цяпер, завершаны, я паказваю яго слухачу i прамаўляю з вялiкаю скрухай: "Вось, зiрнiце, вось я якi!" На гэтым абвiнаваўчая частка закончана. I тут, нечакана, партрэт, якi я паказваю свайму сучаснiку, ператвараецца ў люстра.

З галавою, пасыпанай попелам, са спiсяжаным ногцямi тварам i паволi выдзiраючы на сабе валасы, я стаю перад усiм чалавецтвам i з пранiзлiвым позiркам пералiчваю свае ганебныя ўчынкi. Я нi на хвiлiну не выпускаю з-пад увагi эфект, якi выклiкаю пакутлiвым крыкам: "О, я сама мярзотны з усiх мярзотнiкаў!" А пасля, неўпрыкмет, пераменьваю "я" на "мы". I калi даходжу да формулы: "Вось мы якiя!" - гульня зроблена. Цяпер я магу казаць праўду. Я, вядома, такi самы, як i яны, - усе мы варымся ў адным катле. Але ў мяне ёсць перавага, бо я гэта ведаю, а яны - не, i таму першае слова за мной. Я ўпэўнены, што вы разумееце, якая гэта выгода. Чым больш я вiнавачу сябе, тым больш маю права асудзiць вас. I яшчэ лепш, я падахвочваю вас, каб вы самi асудзiлi сябе, што дае мне вялiкую палёгку. Ах, шаноўны, забаўныя мы ўсё-такi i няшчасныя людзi! Варта нам азiрнуцца на сваё жыццё, як у памяцi ўсплываюць адразу такiя выпадкi, што мы гатовыя скрозь зямлю правалiцца ад сораму i здзiўлення. Вы паспрабуйце. Не сумнявайцеся, я паслухаю вашую споведзь з вялiкай сяброўскай спагадай.

Ды вы не смейцеся! Ох, ну сапраўды, вы цяжкi клiент, я гэта заўважыў адразу. Але нiкуды вы не дзенецеся, гэта непазбежна.

|< Пред. 109 110 111 112 113 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]