Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
115 из 117
Але ж не плачу? Не плачу! Ну, бывае, што казаць, часам вось так разгубiшся i пачынаеш сумнявацца нават у яўных рэчах - нават калi табе ўжо адкрыта таямнiца шчаслiвага жыцця. Вядома, маё рашэнне не сама iдэальнае. Аднак, калi табе ўжо абрыдла тваё жыццё i ты ведаеш, што яго трэба неяк змянiць, выбiраць не прыходзiцца. Што ж рабiць, каб зрабiцца iншым? На жаль, гэта немагчыма! Каб дабiцца гэтага, трэба б было наогул зрабiцца нiкiм, забыць пра сябе хоць бы раз дзеля кагосьцi другога. Але як? Не задавайце мне такiх цяжкiх пытанняў. Я - як той стары жабрак, якi не хацеў выпускаць маёй рукi, калi я сядзеў на тэрасе адкрытай кавярнi. "Ах, пане, - казаў ён, - мы зусiм не такiя кепскiя. Мы проста страцiлi тую зорку, якая асвятляла нам шлях". Сапраўды, мы страцiлi сваю зорку, мы страцiлi свой заранак i святую бязвiннасць таго, хто даруе самому сабе.
Паглядзiце - падае снег! О, мне абавязкова трэба будзе пайсцi прагуляцца. Уявiце сабе - светлая ноч, Амстэрдам заснуў, пад заснежанымi мастамi ў каналах цьмяна блiскаюць хвалi, i я, адзiн, iду па пустэльных вулiцах, снег прыглушае хаду, а вакол - чысцiня, мiмалётная, перад заўтрашнiм брудам. Зiрнiце на вялiкiя снежныя кудзеры, якiя лiпнуць да шыбы. Гэта галубы, паверце, гэта галубы. Мiлыя, мiлыя, яны нарэшце адважылiся спусцiцца, i цяпер захутваюць воды i дахi шчыльным покрывам свайго пер'я, i мiгцяць за кожным акном. Якое нашэсце! Давайце ж паспадзяёмся, што яны нясуць нам добрую навiну.
|< Пред. 113 114 115 116 117 След. >|