Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
116 из 117
Што ўсе будуць уратаваныя - як вам такое, га? - менавiта ўсе, а не толькi выбраннiкi, i што скарбы i цяжар жыцця ўсiм падзеляць пароўну, а вы, напрыклад, пачынаючы з гэтага дня, будзеце класцiся спацьна падлозе - дзеля мяне. I будзем жыць усiм кагалам, а чаго там! Паслухайце, ну скажыце сумленна, вы б, напэўна, аслупянелi, каб з неба зараз па мяне спусцiлася каляснiца цi ўзяў бы раптам ды загарэўся снег. Вы ў гэта не верыце? Я таксама. I ўсё-такi мне абавязкова трэба будзе прагуляцца.
Ну, добра, добра, супакойцеся, буду ляжаць. I дарэчы, не вельмi давярайце майму замiлавальнаму трызненню. Яно таксама мае сваю задачу. Вось так. А цяпер раскажыце мне пра сябе, я хачу паглядзець, цi дасягнула мая палымяная споведзь хоць адной сваёй мэты. Я, ведаеце, увесь час грэю надзею, што мой слухач акажацца палiцэйскiм i арыштуе мяне за крадзеж "Непадкупных суддзяў". Бо за астатняе мяне нельга арыштаваць, праўда? А вось крадзеж карцiны падпадае пад закон, i таму я зрабiў усё, каб выглядаць як хаўруснiк: я хаваю карцiну ў сябе i паказваю яе першаму-лепшаму, хто захоча яе пабачыць. Калi ж вы мяне арыштуеце, для пачатку i гэта ўжо будзе няблага. Спадзяюся, што пасля зоймуцца i астатнiм, а можа, нарэшце i адсякуць мне галаву? А што - выдатна, болей не трэба будзе баяцца смерцi, i я буду ўратаваны! А вы падымеце над натоўпам маю яшчэ свежанькую галаву, каб людзi пазналi ў ёй сябе, i я зноў запаную над iмi, як павучальны прыклад. На гэтым усё прыйшло б да свайго лагiчнага завяршэння, i я непрыкметна б скончыў сваю кар'еру лжэпрарока, якi крычыць у пустынi i не хоча адтуль выходзiць.
Але вы, вядома ж, не палiцэйскi, бо iначай усё было б занадта проста. Што? Ха! А я, ведаеце, падазраваў.
|< Пред. 113 114 115 116 117 След. >|