Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
114 из 117
На яго збянтэжаным твары, напалову схаваным рукой, я чытаю журбу па агульнай долi, што напаткала яго, i роспач ад разумення, што яна немiнучая. А я - я шкадую iх, але не адпускаю грахоў, я разумею, але не дарую, i што галоўнае - ах, як гэта прыемна! - я адчуваю, што мне пакланяюцца, што мяне абагаўляюць!
Ваша праўда, я надта хвалююся; дый як тут спакойна ляжаць? Я павiнен падняцца вышэй - над вамi, мае думкi ўздымаюць мяне. Такiмi начамi цi, праўдзiвей, такiмi свiтанкамi - бо падзенне заўжды адбываецца на свiтаннi - я выходжу з кватэры i iмклiвай хадой iду ўздоўж каналаў. Покрыва з пер'я ў матавым небе танчэе, галубы паволi ўздымаюцца ў вышыню, i ружовыя водблiскi сонца на дахах абвяшчаюць новы дзень майго стварэння сусвету. Першы трамвай на Дамраку дзiнькае ў свой званочак у вiльготным паветры i абуджае жыццё на самым ускрайку Эўропы - той Эўропы, дзе сотнi мiльёнаў маiх падданых - людзей устаюць адначасна з пасцеляў i з горыччу ў роце шыбуюць на працу, якая нiкому не ў радасць. А я ў гэты мiг лунаю над усiм кантынентам, якi, сам не ведаючы таго, падпарадкоўваецца мне, я п'ю гаркавы абсент ранiшняга сонца, п'янею ад сваiх злосных прамоў i адчуваю сябе шчаслiвым. Я шчаслiвы! Шчаслiвы, кажу я вам! I я забараняю вам не верыць, што я шчаслiвы, я шчаслiвы страшэнна! О сонца, пляжы i выспы, авеяныя глiцай! О маладосць, успамiн пра якую кiдае ў роспач!..
Прабачце, я ўсё-ткi прылягу. Здаецца, сапраўды занадта расчулiўся.
|< Пред. 112 113 114 115 116 След. >|