Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
113 из 117
З той пары, як я знайшоў выйсце, я самазабыўна аддаюся ўсяму - i жанчынам, i пыхлiвасцi, i нудзе, i злапомнасцi, i нават лiхаманцы, якая цяпер мяне так соладка трасе. Я паную нарэшце, i гэты раз - назаўжды. Я знайшоў тую вышыню, на якую ўдалося ўскараскацца мне аднаму i адкуль я магу судзiць увесь свет. Зрэдку, калi настае асаблiва прыгожая ноч, да мяне яшчэ часам даносiцца нейкi вельмi далёкi смех, i я зноў пачынаю вагацца. Але я адразу абрушваю на сусвет i людзей увесь цяжар свайго ўбоства i адраджаюся зноў.
Значыць, дамовiлiся, я буду цярплiва чакаць вашага прыезду ў "Мехiка-Сiцi". Калi надумаецеся засведчыць сваё шанаванне, прыходзьце ў любы час, я заўжды буду там. Але, будзьце ласкавы, здымiце гэтую коўдру, нешта яна мяне душыць. Дык вы прыедзеце, праўда? Я нават гатовы паказаць вам некалькi патаемных прыёмаў у маёй тэхнiцы - вы выклiкаеце ў мяне сiмпатыю. Вы самi пабачыце, як усяго за адну ноч мне ўдаецца пераканаць iх, што яны - сама гнюсныя мярзотнiкi. Дарэчы, сёння я зноў пайду туды. Я ўжо няздольны без гэтага абысцiся, я не магу пазбавiць сябе тых прыемных хвiлiн, калi яшчэ адзiн падае ў п'яным раскаяннi i пачынае бiць сябе ў грудзi. Як я расту тады, шаноўны, о, як я расту! Маё дыханне робiцца лёгкiм i роўным, я стаю на вяршынi i сузiраю бязмежную роўнядзь пад маiмi нагамi. Якое п'янлiвае шчасце адчуваць сябе Богам-айцом i раздаваць сваiм блiзкiм неабменныя пасведчаннi ў iх агiдным жыццi i разбэшчанасцi. Я ўзвышаюся на троне сярод маiх мярзотных анёлаў у вышынi галандскага неба i гляджу, як з туманаў i вод да мяне ўздымаюцца незлiчоныя ценi, што iдуць на Апошнi Суд. Яны наблiжаюцца, i вось я ўжо бачу першага сярод iх.
|< Пред. 111 112 113 114 115 След. >|