Падзенне (на белорусском языке)   ::   Камю Альбер

Страница: 43 из 117

Але, ужо не першае стагоддзе тутэйшыя курцы люлек бачаць аднолькавую карцiну: усё той жа дождж, усё над тым жа каналам... Тое, што я хачу расказаць, зрабiць будзе не так лёгка. Гаворка гэты раз пойдзе пра жанчын. Перш за ўсё трэба сказаць, што ў жанчын я заўжды меў поспех, i прычым без вялiкага намагання. Я не кажу, што мой поспех быў у тым, што я рабiў iх шчаслiвымi цi рабiў шчаслiвым хоць бы самога сябе. Не, я проста дабiваўся поспеху - i ўсё. Iначай кажучы, я дасягаў сваёй мэты амаль заўсёды, калi хацеў. I жанчыны лiчылi мяне абаяльным, вы ўяўляеце? Ведаеце, што такое абаяльнасць? Гэта ўменне дабiцца згоды, не задаючы нiякiх пэўных пытанняў. У мяне ў свой час так яно i было. Вас гэта здзiўляе? Ды вы не адмаўляйцеся, я ж бачу. Пры такой пысе, як у мяне, вашае здзiўленне абсалютна натуральнае. На жаль, пане, з гадамi кожны чалавек пачынае плацiць сваiм аблiччам за сваё мiнулае жыццё. А ў мяне... Зрэшты, якая рознiца! Факт ёсць факт: мяне лiчылi абаяльным, i я гэтым карыстаўся.

У мяне не было, аднак, нiякiх таемных разлiкаў - я быў шчыры, прынамсi, амаль што шчыры. Мае адносiны з жанчынамi былi заўсёды натуральныя, простыя лёгкiя, як кажуць у падобных выпадках. Да iх не дамешвалiся нiякiя хiтрыкi, калi не лiчыць хiтрыкаў яўных, непрыхаваных - тых, што жанчыны лiчаць нечым накшталт данiны павагi да сябе. Я iх кахаў, калi скарыстацца агульна прынятым словам, што, урэшце, азначае тое самае, што не кахаў нi адной. Я заўжды меркаваў, што пагарда да жанчын - пачуццё пошлае i бязглуздае, i амаль усiх жанчын, якiх ведаў, лiчыў лепшымi за сябе.

|< Пред. 41 42 43 44 45 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]