Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
51 из 117
Нiхто не крывадушнiчае ў сваiх уцехах - ужо не памятаю, цi сам я гэта прыдумаў, цi прачытаў недзе, але думка слушная, праўда?
Дык вось, пасля ўсяго, што са мной здарылася, i калi я пачаў разважаць аб прычынах, якiя перашкаджалi мне лёгка расставацца з жанчынамi i прыводзiлi да мноства паралельных сувязей, я канчаткова пераканаўся, што маё шчадралюбнае сэрца тут нi пры чым. Не яно кiравала мною, калi нейкая паненка, стамiўшыся чакаць Аўстэрлiца нашай любовi, сама заводзiла размову пра расстанне. Я адразу кiдаўся ёй насустрач, я iшоў на любыя кампрамiсы, уключаў усё сваё красамоўства, стараючыся распалiць у ёй пяшчоту i салодкую, мяккую страсць, але сам толькi ўяўна адчуваў тое ж самае - адзiнае, што мяне хвалявала, гэта магчымасць страцiць сваю любоўную ўладу над ёй. Часам, зрэшты, мне здавалася, што я пакутую сапраўды. Але досыць было бунтарцы ўсё-такi спраўдзiць сваё абяцанне i пакiнуць мяне, як я адразу яе забываў - як забываў i тады, калi яна вырашала вярнуцца. Не, не каханне i не велiкадушнасць кiравалi мною, калi мне пагражала небяспека аказацца пакiнутым; гэта было зусiм iншае жаданне жаданне быць самому каханым i атрымлiваць тое, што, на маю думку, мне належала. Але як толькi мяне зноў кахалi - я забываў пра сваю партнёрку i ўвесь свяцiўся ад радасцi, добры настрой вяртаўся да мяне, я рабiўся зноў абаяльны.
Заўважце, дарэчы, што моц маёй любоўнай улады над вернутаю каханкай нарэшце пачынала прыгнятаць i мяне. I ў асаблiва прыкрыя хвiлiны я казаў сабе, што iдэальным выйсцем з такога становiшча была б смерць гэтай асобы. Па-першае, яна замацоўвала б навечна наш саюз, а па-другое, пазбавiла б няшчасную ад рабскага паслушэнства.
|< Пред. 49 50 51 52 53 След. >|