Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
63 из 117
Затое як ён узрадуецца, калi вы пачняце захапляцца яго прыроджанаю велiкадушнасцю! I наадварот, калi вы скажаце злачынцы, што яго правiннасць паходзiць зусiм не ад яго натуры i не ад яго характару, а тлумачыцца няшчасным збегам абставiн, ён будзе вам бясконца ўдзячны. I падчас абарончай прамовы нават выбера якраз гэты момант, каб заплакаць. Аднак нiякай заслугi ў тым, што ты сумленны або разумны ад нараджэння, - няма. Як i, безумоўна, нельга несцi большую адказнасць за тое, што ты - злачынца ад нараджэння, а не паводле абставiн. Але гэтыя нягоднiкi прагнуць лiтасцi, цi то - безадказнасцi, i ў сваё апраўданне гатовы кiваць то на сваю натуру, то на змякчальныя акалiчнасцi, нават калi гэтыя довады супярэчаць адзiн аднаму. Галоўнае лiчыцца невiнаватым, даказаць, што твая прыродная дабрачыннасць - бясспрэчная, а правiннасць - мiнучая i тлумачыцца незалежнымi ад цябе прычынамi. Я ўжо казаў: галоўнае - пазбегчы прысуду. А таму, што зрабiць гэта не вельмi проста, як i нялёгка прымусiць другiх захапляцца сваёю натурай i адначасова знаходзiць у ёй апраўданне, - усе iмкнуцца разбагацець. Чаму? Вы не задавалi сабе такога пытання? Каб быць болей магутным? Ну, гэта зразумела. Але галоўнае ў тым, што багацце не дазваляе, каб вас асудзiлi адразу, яно засцерагае вас ад натоўпу ў метро, хавае ў блiскучым i ўтульным лiмузiне, iзалюе ў раскошных дагледжаных парках, вагонах першага класу, каютах-люкс. Багацце, мiлы дружа, - гэта яшчэ не апраўданне, гэта толькi адтэрмiноўка, але i ёю не варта пагарджаць...
Галоўнае - не давайце веры сваiм сябрам, калi яны просяць вас быць з iмi шчырымi.
|< Пред. 61 62 63 64 65 След. >|