Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
64 из 117
Адзiнае, на што яны спадзяюцца, - што вы яшчэ больш умацуеце iх у добрай думцы пра самiх сябе i сваiм абяцаннем быць шчырым дасцё яшчэ адно пераканаўчае сведчанне гэтаму. Але скажыце, чаму гэта шчырасць павiнна быць неабходнай умовай сяброўства? Прагнасць да праўды любой цаной - гэта страсць, якая не ашчаджае нiкога i не спыняецца нi перад чым. Гэта - загана, няхай часам i зручная, але часцей за ўсё падобная на сама звычайны эгаiзм. Таму, калi вы раптам апынецеся ў такiм становiшчы, не губляйцеся: абяцайце быць шчырым i брашыце ўсё, што вам прыйдзе ў галаву. Гэтым вы толькi задаволiце патаемнае жаданне вашага сябра i яшчэ раз пацвердзiце сваю сяброўскую сiмпатыю.
Гэта - бясспрэчная iсцiна, мiлы дружа, i менавiта таму мы рэдка раскрываем душу перад тымi, хто лепшы за нас. Часцей за ўсё мы стараемся не бачыцца з iмi. I наадварот - мы гатовы паспавядацца перад кожным, хто падобны да нас i падзяляе нашыя слабасцi. Справа ў тым, што мы зусiм не хочам выправiцца i стаць лепшымi, iначай нам давялося б спачатку даведацца, што мы не такiя ўжо беззаганныя. Нам трэба другое, нам трэба, каб нас шкадавалi, каб нас падбадзёрылi, надалi ўпэўненасцi ў жыццi. Увогуле, усiм нам карцiць аднаго: змыць з сябе грэх i не зрабiць нiякага намагання, каб ад яго ачысцiцца. У нас не стае цынiзму, каб не звяртаць увагi на першае, але не стае i дабрачыннасцi, каб пакорна знесцi другое. Мы не маем нi магутнасцi лiха, нi сiлы дабра. Вы чыталi Дантэ? Праўда? Д'ябал! Значыць, вы памятаеце, што Дантэ дапускае iснаванне анёлаў, нейтральных у спрэчцы памiж Сатаною i Богам. Ён iх месцiць у Лiмбе, нечым накшталт сеняў да свайго Пекла.
|< Пред. 62 63 64 65 66 След. >|