Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
65 из 117
Дык вось, мiлы дружа, мы з вамi якраз у тых самых сенях.
Цярпенне? Што ж, тут вы, безумоўна, маеце рацыю. Нам усiм варта набрацца цярпення i пакорна чакаць Апошняга Суду. Але вось шкада: мы чамусьцi спяшаемся. Спяшаемся настолькi, што я нават мусiў ператварыцца ў суддзю-пакаяльнiка. Але спачатку мне трэба было неяк паладзiць са сваiмi адкрыццямi i звыкнуцца са смехам маiх суайчыннiкаў. Я павiнен быў нешта адказаць цi, прынамсi, пашукаць адказу на заклiк, якi быў звернуты да мяне ў той памятны вечар. I гэта аказалася нялёгка, я доўга блукаў. Я не мог знайсцi рады да той самай пары, пакуль несцiханы смех i кпiны маiх суайчыннiкаў не навучылi мяне глыбей зазiрнуць у сваю душу, i тады я нарэшце зразумеў, што яна зусiм няпростая. Не ўсмiхайцеся, гэта не такая элементарная iсцiна, якою здаецца спачатку. I, дарэчы, элементарнымi называюцца не тыя iсцiны, якiя вiдаць адразу, а тыя, што пазнаюцца ў канцы, пасля сама складаных.
Так было i са мной. Я доўга вывучаў сябе i нарэшце пераканаўся ў глыбокай дваiстасцi чалавечай натуры. Пакапаўшыся ў сваёй памяцi, я зразумеў, што сцiпласць дапамагала мне вылучацца, пакорлiвасць - перамагаць, а дабрачыннасць - прыгнятаць сваiх блiзкiх. Я ваяваў мiрнымi сродкамi i, выяўляючы абсалютную бескарыслiвасць, дамагаўся нарэшце ўсяго, чаго хацеў. Так, напрыклад, я нiколi не скардзiўся, калi нехта забываў павiншаваць мяне з днём нараджэння, i такая мая сцiпласць многiх проста зачароўвала.
|< Пред. 63 64 65 66 67 След. >|