Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
69 из 117
У мяне ставала пачцiвасцi i абыякавасцi, каб адказваць людзям тым, чаго яны чакалi ад мяне ў маiм прафесiйным, сямейным i грамадскiм жыццi, але я заўсёды рабiў гэта з такою няўважнасцю, што нарэшце ўсё толькi псаваў. Маё жыццё праходзiла пад знакам дваiстасцi, i сама важныя ўчынкi я рабiў найчасцей тады, калi меней за ўсё пра iх думаў. Цi не гэту дваiстасць, як i iншае сваё глупства, я нiколi не мог сабе дараваць? Цi не яна прымушала мяне ўпарта змагацца з судом сумлення i акружаючых i пастаянна шукаць нейкага выйсця?
Пэўны час маё жыццё знешне цякло так, нiбыта нiчога ў iм не змянiлася. Я кацiўся па старых, аб'езджаных рэйках. А пахвал вакол мяне, як знарок, яшчэ болей прыбавiлася. Вось тут i хавалася галоўная бяда. Памятаеце: "Гора вам, калi ўсе людзi скажуць добра пра вас!" Залатыя словы! I гора мне! Мая зладжаная машына адразу занаравiлася, закапрызiла, i ў яе рухавiку пачалiся незразумелыя перабоi.
Тады ў маё жыццё i ўварвалася думка пра смерць. Я падлiчыў, колькi гадоў мне яшчэ засталося да канца. Пачаў шукаць прыклады, калi нехта памiраў у маiм узросце. I мяне занепакоiла думка, што я не паспею выканаць пастаўленую мне задачу. Якую задачу? Гэтага я не ведаў. Дый, зрэшты, цi варта было жыць далей так, як я жыў раней? Але праблема была нават не ў гэтым. Мяне мучыў да смешнага дзiўны страх: што здарыцца, калi перад смерцю я так i не прызнаюся ў сваiм ашуканстве? Не перад Богам, не, i не перад нейкiм яго прадстаўнiком на Зямлi - я быў вышэйшы за гэта, вы ведаеце.
|< Пред. 67 68 69 70 71 След. >|