Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 107 из 146

Рабочыя псавалi паравозы, вагоны, чыгуначны шлях, каб перашкодзiць немцам вывозiць нарабаванае дабро. Уцякалi машынiсты з паравозаў, спынялi ў лясах цягнiкi i раздавалi назад сялянам адабраную ў iх жывёлу. Арганiзоўвалi рабочыя дружыны абароны. Даставалi зброю.

Нават дзецi рабочых удзельнiчалi ў гэтай барацьбе. I часта можна было назiраць на станцыях, як Мiколкавы таварышы, катаючыся на падножках вагонаў, сыпалi ў буксы вагонаў пясок, разлiвалi ў кандуктараў i змазчыкаў мазут, каб не было чым змазваць калёсы.

Барацьбой рабочых кiравалi бальшавiкi. Сярод iх быў i Мiколкаў бацька - Андрэй. Ён даўно быў у падполлi, i часам самыя блiзкiя людзi не ведалi, дзе ён знаходзiцца.

Часам, калi асаблiва зверскiмi рабiлiся немцы ў якiм-небудзь горадзе цi на станцыi, рабочыя рабiлi iм добрую ўзбучку, напамiнаючы гэтым, што рабочая сiла не зломлена. Вось i цяпер атрымаў з горада лiст Сёмка-матрос. Прачытаўшы яго, раiўся з дзедам Астапам, з другiмi партызанамi. Быў пры гэтай нарадзе i Мiколка. Чуў ён, што трэба атраду зрабiць налёт на горад i даць добрага пытлю немцам. Думалi i гадалi, як лепш правесцi налёт.

Да поўначы раiўся Мiколка з дзедам, як лепш справу зрабiць. Аж надакучыў дзеду сваiмi парадамi. Той i рукой махнуў:

- Адчапiся ты! Малы ты яшчэ, табе толькi варон бiць з карабiна ды штыком тваiм пячуркi з пяску рабiць...

I дзед паказаў на кiнжал, якiм так ганарыўся Мiколка. Абурыўся тут Мiколка, трохi нават узлаваўся на дзеда i з пагардай сказаў яму:

- Як вiдаць, ты, дзед, добра яшчэ мяне не ведаеш! Можа, я таксама ваяка...

|< Пред. 105 106 107 108 109 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]