Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 109 из 146

Але выручылi ўзятыя яйкi. Аддаў дзед салдату цэлы дзесятак, пусцiлi iх далей. Так i даехалi. Каб лiшне не цягацца з мукой ды з розным другiм харчам, рашылi аднесцi iх на станцыю да мацi.

- Нябось, даўно i хлеба добрага не бачыла яна...

Расплакалася мацi ад нечаканай сустрэчы.

- А я-то думала, што i костачак тваiх не збяру. Толькi чуеш штодня расстрэлы ды расстрэлы... Вось бацька твой таксама хаваецца недзе. Хiба ж гэта жыццё! Табе б у твае годы пагуляць толькi!

- Некалi, мацi, гуляць! - заўважыў Мiколка.

Яшчэ больш расплакалася мацi.

- А ты слёзы кiнь! Некалi, мацi, плакаць! Давай лепш павячэраць старым бальшавiкам! - важна сказаў Мiколка i стаў наразаць хлеб на стол. - А ты, дзед, цягнi сала з торбы.

Хутка i развiталiся. Мацi дзеда прасiла, каб сачыў ён за ўнукам, да бяды не дапускаў.

- А ты не клапацiся, мы-то ўжо адзiн за аднаго пастаiм, у крыўду не пусцiм.

Пайшлi на прыстань. Па дарозе дзед Астап заглянуў да Мiколкавага брата, потым забег на тэлеграф, на станцыю, да знаёмага тэлеграфiста, з сваiх.

- Ты ўжо стукнi па тэлеграфу на раз'езд, што мы выязджаем. З раз'езда нашым перададуць у атрад...

На прыстанi сустрэлiся. Абышлi горад, агледзелi, дзе i якая часць стаiць. Заўважылi на беразе Дняпра нямецкую батарэю. Недалёка ад прыстанi стаяў штаб. За штабам стаяла гарадская турма. Ля яе важна прахаджвалiся нямецкiя часавыя. Агледзелi ўсё, запомнiлi i пайшлi на параходную прыстань. Якраз i параход стаяў на Дняпры, i даволi вялiкi. Дзед купiў бiлеты, селi на параход.

|< Пред. 107 108 109 110 111 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]