Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 110 из 146

Тут было багата пасажыраў, усё больш буржуяў, памешчыкаў, царскiх афiцэраў i генералаў, якiя ўцякалi з савецкай Расеi. Адны ехалi ў гетманаўскую Ўкраiну, другiя трымалi шлях за гранiцу. На параходзе была спецыяльная суправаджальная каманда з нямецкiх салдат i аднаго афiцэра. На носе i на карме стаяла па кулямёту. Недалёка ад капiтанскага мосцiка прыстроiлася скарастрэльная гармата.

Зiрнуў на яе дзед, уздыхнуў, на Мiколку глянуў.

- Разумею, дзеду, зайздросцiш? Гэта табе не турэцкая шабля!

Яны ўважлiва аглядалi ўсё, прымячалi кожную драбнiцу, пакуль не накiнуўся на iх капiтан парахода:

- Чаго вас носiць тут, д'яблы? Панам толькi вочы мазолiць... Айда ў трэцi клас, галадранцы!

Зiрнуў на яго Мiколка, кулакi сцяў. Нешта хацеў сказаць, але мiргнуў тут яму дзед, за руку ўзяў, унiз павёў. Шапнуў:

- Памятай, дзе знаходзiшся!

Адно, што добра было ў трэцiм класе цяпер, гэта прастора. Як вiдаць, звычайныя людзi мала карысталiся цяпер параходам. Усё больш паны ехалi са сваiмi манаткамi, чамаданамi, сабачкамi. Ехалi афiцэры. Ехалi эсэры i ўсякая iншая погань. Усе яны ратавалi свае шкуры ад бальшавiкоў, марылi аб жорсткай расправе над iмi.

- Мы iм пакажам матушку Русь! Мы iм адпомсцiм за бацюшку-цара! Мы павешаем iх на слупах тэлеграфных за святую царкву! - толькi i чуваць было навокал. I асаблiва стараўся адзiн генерал. Стары, сiвы, недалужны, а такi ж заўзяты. Каб змог, дык, вiдаць, сваёй бы рукой перадушыў i бальшавiкоў, i сыноў бальшавiковых.

|< Пред. 108 109 110 111 112 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]