Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 137 из 146

Падскочылi ад'ютанты, сiлком адцягнулi яго ад генерала. Паўла выцягнулi на штабны двор i тут доўга катавалi яго, пакуль ён не страцiў прытомнасць. Усю рабочую дэлегацыю адвялi ў турму. А Паўла загадалi судзiць ваенна-палявым судом за знявагу нямецкага генерала.

Суровая вестка аб лёсе рабочай дэлегацыi маланкава абляцела ўвесь горад, дэпо, станцыю. I праз якiя дзесяць хвiлiн трывожна гудзелi гудкi над дэпо, над фабрыкамi, над паравозамi. Паравозы выпускалi пару, тушылi топкi. Разыходзiлiся з дэпо рабочыя, заварушылiся рабочыя баявыя дружыны. I калi вечарам намагалiся немцы штыкамi загнаць машынiста на паравоз i пусцiлi ў ход зброю, каб рушыць першы цягнiк, з дэпо, з-за вадакачкi пачулiся дружныя стрэлы. То рабочыя абстрэльвалi немцаў, якiя рыхтавалi цягнiк. На станцыю падышоў моцны нямецкi атрад. Ён адцяснiў крыху рабочых, паспрабаваў адправiць цягнiк. Але перад самым носам паравоза ўзарвалiся выхадныя стрэлкi, паравоз зарыў носам зямлю, зашыпеў, абяссiлены, загарадзiў чыгуначны шлях. Пачалася моцная перастрэлка. Немцы абстрэльвалi дэпо, кулямётным агнём прайшлiся па рабочым пасёлку. Не здавалiся рабочыя, хоць i падалiся назад. Адступаючы, падпалiлi нямецкiя вайсковыя склады ля станцыi. Гарэлi i рвалiся патроны, снарады, моцныя выбухi патрасалi паветра. Нават немцы прымушаны былi крыху адступiць ад станцыi, далей ад страшэнных выбухаў, пажару.

Ранiцай падаспелi да рабочых партызанскiя атрады Сёмкi-матроса.

|< Пред. 135 136 137 138 139 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]