Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 15 из 146

Ну, а каторы не спрытны, таму з такiмi бакамi нязручна: самае выгоднае месца, каб за яго афiцэру ўчапiцца, да апошняга валаска выскубалi... Вось i мая барада калiсь пацярпела, аж напалавiну выскублi.

- За храбрасць хiба? - пытаў не да ладу Мiколка.

- Ат, гавары з табой...

I дзед кiдаўся ў доўгую гутарку аб тым, што такое ёсць храбрасць. I не звычайная, а храбрасць мiкалаеўскага артылерыста, якi войны прайшоў i турэцкiя крэпасцi браў. Мiколка ўважлiва слухаў, каб займець з гэтай храбрасцi сякiя-такiя здабыткi i для сябе. Дзед любiць, калi яго хто доўга слухае. I за гэта заўсёды пачастуе чым-небудзь. Вось i цяпер, калi дзед скончыў свае расказы аб турэцкiх крэпасцях, ён зрабiўся зусiм лагодным i запрапанаваў Мiколку:

- Хадзем хаця на станцыю, абаранак куплю!

На гэта Мiколка згодны. Яны iдуць на станцыю. Дзед доўга таргуецца з буфетчыцай, усё выбiрае, каб абаранак быў большым i мякчэйшым, ды паболей маку на iм. Так мiрылiся дзед з унукам, i Мiколка не пярэчыў тады дзеду i прызнаваў яго храбрым, хоць сам употайкi крыху сумняваўся ў гэтым. А тут яшчэ здарыўся выпадак адзiн, праз якi страцiлася ў Мiколкi ўсякая вера ў дзедаву храбрасць. Аднае ночы ўсе прахапiлiся са сну ад вялiкага крыку.

Крычаў дзед:

- Ратуйце хутчэй!

Мацi кiнулася да лямпы, усё не магла нiяк патрапiць на яе, каб запалiць хутчэй. А дзед усё крычаў:

- Хутчэй, хутчэй! Ой, дапамажыце!

- Што з табой, дзеду? - кiнуўся да яго Мiколка.

- Ой, гiну! Звяруга нейкая ў бараду ўбiлася, стрыжэ яе, як нажнiцамi...

Мiколка сцямiў тут, у чым справа, ды хуценька да дзеда, цап яго за бараду.

|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]