Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 30 из 146

Вiсяць вось на сценах, копацi набiраюцца. I не дзiва, што дэпоўцы не паважаюць багоў. Вось i Мiколкаў бацька, калi надакучала мацi яму сваiмi жалобамi на сынава бязбожнiцтва, звычайна агрызаўся:

- А кiнь ты са сваiм дурным Богам!

Дзiвiўся тады Мiколка: у мацi Бог разумны, у бацькi ж ён выходзiць дурным. Каму ж верыць? Вiдаць, бацьку, бо той усё ведае, той свет аб'ехаў на паравозе. I ўсё большае непавагi набiраўся Мiколка да багоў, хоць i цярпеў за гэта не раз вялiкiя непрыемнасцi. I не толькi ад маткi, але асаблiва ў школе, куды давялося яму ў хуткiм часе патрапiць. Тут адразу ўткнуўся ён у дыскусiю з папом, не ведаючы спачатку, што такiя дыскусii заўсёды канчаюцца для вучняў вельмi кепска. Поп, заўважыўшы новага вучня, адразу спытаў Мiколку:

- Хто ты такi?

- Мiколка... - крыху нерашуча адказаў ён.

- Дурань! - накiнуўся чамусьцi поп. - Перш за ўсё ты раб Божы...

- Ну, гэта ўжо хлусня, усё роўна, што ў дзеда пра туркаў, - набраўся смеласцi Мiколка. - А мы не рабы божыя, а рабочыя-дэпоўцы...

Чуў Мiколка пра рабочых, а пра нейкiх рабоў яму чуць не даводзiлася. Тут i ўсхадзiўся поп.

- Хто, хто? - перапытаў ён, набiраючыся злосцi, i ўжо запусцiў свае пальцы ў Мiколкаў вiхор.

- Паравознiкi мы, во хто мы... - пераказаў яшчэ раз Мiколка, горка плачучы, бо поп не на жарты ўзяўся за яго чуб.

А другi раз такая дыскусiя закончылася яшчэ горш для Мiколкi.

|< Пред. 28 29 30 31 32 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]