Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 85 из 146

Той махнуў рукой аднаму з афiцэраў. Двух хлапцоў, якiх узялi з лесу са зброяй, падвялi да абгарэлай грушы, паставiлi пад ёй. Да iх падышоў поп, нешта гаварыў iм, паказваючы на крыж. Але бачыў Мiколка, як плюнулi хлопцы на крыж папу, на яго грудзi. Як пабiты сабака, адышоў поп убок. Загаласiлi жанчыны, хапiўшыся за галовы. Глуха шапталi старыя:

- Калi ж кончацца гэтыя здзекi? Цi доўга цярпець яшчэ будзем?

Грымнулi стрэлы... Мiколка не глядзеў туды. Ён бачыў толькi, як узнялiся над папялiшчам стаi чорных крумкачоў, як з абгарэлай грушы пасыпалася сухое лiсце i цiха-цiха кружылася, ападаючы ўнiз. Яму насустрач вiлiся шызыя клубы дыму ад стрэлаў.

Доўга яшчэ здзекавалiся над людзьмi, усё выпытвалi пра Сёмку, пра тых, хто падбухторваў не здаваць немцам хлеб i жывёлу, хто быў у батрацкiм камiтэце.

Але колькi нi настаўлялi на людзей кулямётаў, колькi нi спрабавалi страляць паверх галоў у народ, нiчога не дапамагала. Людзi маўчалi. Тады памешчык з афiцэрамi падышлi блiжэй да людзей. Некаторых бралi i адводзiлi ўбок. Вось i да дзеда з Мiколкам падышоў памешчык, сурова паглядзеў:

- Ты хто, нешта цябе я не памятаю?

- Я таксама з табой незнаёмы... не даводзiлася сустракацца... працадзiў дзед скрозь зубы.

- А ты, чорт стары, адказвай, калi з табой гавораць... Жарты ў мяне кароткiя... Хто i адкуль? - усё пытаў расчырванелы ад злосцi пан.

- Чалавек я... Вось хто я.

Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукi.

|< Пред. 83 84 85 86 87 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]