Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 86 из 146

Кастлявыя былi гэтыя рукi, з шырокiмi пляскатымi далонямi, з вечнымi мазалямi, знезмываемым нагарам ад дэпоўскага жалеза, са слядамi ад мазуту. Зiрнуў на iх пан i затросся аж.

- Недарма ты ацiраешся тут сярод мужыкоў... Вiдаць, з рабочага кодла, пракляты... - засiпеў ён i, заўважыўшы Мiколку, запытаў яго грозна, паказваючы на дзеда: - Гавары, хто гэта такi?

- Гэта мой дзед... - адказаў напалоханы Мiколка.

- Якi дзед?

- А дзед... вось проста дзед, i ўсё тут.

- А ты адкуль узяўся? Хто ты, шчанё?

Хацелася Мiколку сказаць, што не шчанё ён, а самы што нi на ёсць бальшавiкоў сын, але, зiрнуўшы на дзеда, схамянуўся. Прагаварыў цiха:

- А я дзедаў унук.

- А фамiлiя твая?

Зiрнуўшы яшчэ раз на дзеда, прамовiў: "Не ведаю..." Як уджалены, падскочыў пан.

- У склеп iх! - грымнуў ён на ўсё горла.

Мiколку з дзедам адвялi ўбок да купкi людзей, акружаных цяпер моцным канвоем. Салдаты ганялiся за каровамi, за iншай жывёлай. Частку гналi ў маёнтак да памешчыка, рэштку бралi для нямецкага войска. Сяляне аставалiся на дымных папялiшчах. Над папялiшчамi кружылiся крумкачы. Дымiлiся платы i дрэвы садоў. Пад апаленай грушай ляжалi два забiтыя чалавекi.

Мiколка з дзедам iшлi ў групе людзей. Iх падганялi салдаты. На салдатах былi чорныя венгеркi i чорныя шапкi. На шапках былi страшныя чарапы. На пражках паясоў паблiсквалi пад сонцам выбiтыя лiтары нямецкiх слоў: "З намi Бог!"

Кружылiся крумкачы над дымнымi папялiшчамi.

Паблiсквалi штыкi.

Людзей вялi ў склеп.

|< Пред. 84 85 86 87 88 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]