Салярыс (на белорусском языке) :: Лем Станислав
Страница:
13 из 239
Ён сядзеў, скурчыўшыся, закрыўшы твар рукамi, маленькi, у заплямленых штанах. Я толькi цяпер заўважыў, што на костачках яго пальцаў запяклася кроў.
САЛЯРЫСТЫ
Цылiндрычны тунель быў пусты. Хвiлiну я пастаяў перад зачыненымi дзвярыма, прыслухоўваючыся. Сцены, вiдаць, былi тонкiя, звонку чулася скавытанне ветру. На дзвярах быў трохi коса i нядбала прылеплены прамавугольны кавалак пластыру з алоўкавым надпiсам: "Чалавек". Я пазiраў на гэтае невыразна накрэмзанае слова. Праз хвiлiну мне захацелася вярнуцца да Снаўта, але я зразумеў, што гэта немажлiва.
Вар'яцкае папярэджанне яшчэ гучала ў маiх вушах. Я паварушыўся i адчуў на плячах надакучлiвы цяжар скафандра. Цiха, нiбы хаваючыся ад нябачнага назiральнiка, я вярнуўся ў круглае памяшканне з пяццю дзвярыма. На iх былi таблiчкi: "Д-р Гiбарыян", "Д-р Снаўт", "Д-р Сарторыус". На чацвёртых дзвярах таблiчкi не было. Я завагаўся, але ўсё-ткi нацiснуў на клямку i цiха адчынiў дзверы. Калi яны адчынiлiся, мне здалося, што там нехта ёсць. Я ўвайшоў.
Нiкога не было. Такi ж самы, толькi крыху меншы, выпуклы iлюмiнатар, нацэлены на Акiян, якi тут - пад сонцам - тлуста iльснiўся, нiбыта з хваляў сплываў чырвоны алiўкавы алей. Пурпуровы водблiск запаўняў увесь пакой, падобны на карабельную каюту.
|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|