Салярыс (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 14 из 239

З аднаго боку стаялi палiцы з кнiгамi, памiж iмi вертыкальна да сцяны быў замацаваны адкiдны ложак на карданах, з другога было поўна шкапчыкаў, памiж якiмi ў нiкеляваных рамках, звязаных пасамi, вiселi касмiчныя здымкi, на металiчных штатывах стаялi колбы i прабiркi, пазатыканыя ватай, пад акном двума радамi стаялi белыя эмаляваныя скрынi, мiж якiмi цяжка было прайсцi. Накрыўкi некаторых былi адкiнутыя - у скрынях мноства iнструментаў, пластыкавых шлангаў, у абодвух кутах знаходзiлiся краны, выцяжкi дыму, маразiльнiкi, мiкраскоп стаяў на падлозе, бо яму не хапiла месца на вялiзным стале ля акна. Калi я павярнуўся, то ля ўваходных дзвярэй убачыў высозную, да самай столi, прачыненую шафу, запоўненую камбiнезонамi, рабочымi i ахоўнымi халатамi, на палiцах ляжала бялiзна, памiж халявамi антырадыяцыйных ботаў паблiсквалi алюмiнiевыя бутэлькi для партатыўных кiслародных апаратаў. Два апараты разам з маскамi вiселi на спiнцы паднятага ўгору ложка. Усюды панаваў такi самы, толькi яшчэ большы, нiбыта ад спешкi, беспарадак i хаос. Я прынюхаўся, слаба пахла хiмiчнымi рэактывамi i нечым едкiм - хiба што хлорам? Мiжволi пашукаў вачыма ў кутах ля столi закратаваныя вентыляцыйныя адтулiны. Прыклееныя да iх рамак палосы паперы трымцелi, гэта сведчыла, што кампрэсары падтрымлiваюць нармальны ток паветра. Я перанёс кнiгi, апаратуру i iнструменты з двух крэслаў у кут, парасстаўляў iх як удалося, у вынiку чаго вакол ложка памiж шафай i палiцамi з'явiлася крыху вольнага месца. Прыцягнуў вешалку, каб павесiць на яе скафандр, узяўся пальцамi за хвосцiк замка-маланкi, але адразу ж яго адпусцiў. Я нiяк не мог адважыцца скiнуць скафандр, нiбыта з-за гэтага мог стаць безабаронным.

|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]