Салярыс (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 2 из 239



Пакуль я гэта асэнсоўваў, насупраць майго твару адчынiлася вялiкая назiральная шчылiна, праз якую я ўбачыў зоркi. Дарэмна стараўся адшукаць Альфу Вадалея, да якой ляцеў "Праметэй". Неба тых ваколiц Галактыкi было невядомае, я не ведаў нiводнага сузор'я; у вузкiм акенцы мiльгаў iскрысты пыл. Я чакаў, калi затрымцiць першая зорка. Не дачакаўся. Яны пачалi проста гаснуць i знiкалi, расплываючыся ў рыжаватым небе. Я зразумеў, што знаходжуся ў верхнiх слаях атмасферы. Нерухомы, атулены пнеўматычнымi падушкамi, я мог пазiраць толькi перад сабой. Усё яшчэ не было вiдно гарызонту. Я падаў, зусiм гэтага не адчуваючы; цела маё паступова залiвала гарачыня. Звонку пачуўся не надта гучны, пранiзлiвы вiск - нiбыта па мокрым шкле драпалi металам. Калi б не лiчбы, што выскоквалi на табло, я нават не меў бы ўяўлення пра iмклiвасць падзення. Зоркi ўжо знiклi. Назiральнае акно свяцiлася рыжым святлом. Я адчуваў гулкiя ўдары пульсу, твар гарэў, па шыi гулялi халодныя павевы кандыцыянера; я пашкадаваў, што не ўдалося зiрнуць на "Праметэй" - калi аўтаматы адчынiлi назiральнае акно, ён знаходзiўся ўжо за мяжой бачнасцi.

Капсула здрыганулася, пасля яшчэ, яе корпус моцна завiбраваў, гэтая нязносная дрыготка пранiзала ўсе iзаляцыйныя абалонкi, паветраныя падушкi i пранiкла ў глыбiню майго цела - зеленаваты контур табло расплыўся. Але страху я не адчуваў. Не дзеля таго прыляцеў я з гэткай далечынi, каб загiнуць ля самай цэлi.

- Станцыя Салярыс, - прамовiў я. - Станцыя Салярыс, Станцыя Салярыс! Зрабiце што-небудзь.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]