Салярыс (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 5 из 239

Адначасова я заўважыў ахiнутыя фiялетавым туманам хвалi-барозны Акiяна, якiя марудна вагалiся, затым хмары рванулiся высока ўгору, ахопленыя па берагах асляпляльным пурпурам, неба памiж iмi стала далёкiм i пляскатым, бура-аранжавым, i ўсё гэта раптам страцiла абрысы: я ўваходзiў у штопар. Не паспеў апамятацца, як кароткi ўдар надаў капсуле вертыкальнае становiшча, у назiральным акне аж да самага гарызонту ртутным святлом заiскрыўся ўсхваляваны Акiян; тросы i купалы парашута iмгненна аддзялiлiся, i вецер панёс iх над хвалямi. Капсула пачала мякка хiстацца своеасаблiвымi свабоднымi рухамi, як гэта звычайна бывае ў штучным сiлавым полi, пасля абсунулася на дол. Апошняе, што я паспеў убачыць, гэта ўкратаваныя ўзлётныя катапульты i два, велiчынёй у некалькi паверхаў, люстры ажурных радыётэлескопаў. Нешта прымусiла капсулу спынiцца, пачулася пранiзлiвае скрыгатанне сталi, якая пругка стукнулася аб сталь, унiзе нешта адчынiлася, i металiчная шкарлупiна, у якой я сядзеў, з працяглым уздыхам знерухомела, закончыўшы сваё стовасьмiдзесяцiкiламетровае падарожжа.

- Я - Станцыя Салярыс. Нуль-нуль. Пасадка закончана. Канец, - пачуў я нежывы голас робата.

Абедзвюма рукамi (я адчуваў незразумелы цiск на грудзi, у жываце быў непрыемны цяжар) пацягнуў на сябе ручкi, што знаходзiлiся на ўзроўнi плячэй, i разлучыў кантакты. Засвяцiўся зялёны надпiс "ЗЯМЛЯ", i сцяна капсулы адчынiлася; пнеўматычнае ложа штурханула мяне ў спiну так, што я мусiў зрабiць крок наперад, каб не ўпасцi.

З цiхiм сыкам, падобным на самотны ўздых, паветра выйшла са скафандра. Я быў вольны.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]