Салярыс (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 4 из 239

Дзвесце пяцьдзесят, дзвесце сорак дзевяць, дзвесце сорак восем...

Словы былi падзелены мiж сабою рэзкiмi пiскамi - сведчанне таго, што гаворыць не чалавек. Я здзiвiўся. Звычайна ўсе, хто жывы, бягуць на пасадачную пляцоўку, калi прылятае нехта новы, асаблiва з Зямлi. Але я не меў часу разважаць над гэтым, бо вялiзны круг, якi ўтварыла вакол мяне сонца, раптоўна стаў на дыбкi разам з раўнiнай, што ляцела мне насустрач; пасля капсула нахiлiлася ў супрацьлеглы бок; я хiстаўся, як дыск вялiзнага маятнiка, змагаючыся з галавакружэннем; на ўздыбленай, як сцяна, паверхнi планеты, ссечанай брудна-лiловымi i чарнаватымi палосамi, я заўважыў невялiкую шахматку з белых i зялёных кропак - арыентацыйны знак Станцыi. I адразу ж штосьцi з трэскам адарвалася ад вяршынi капсулы - доўгi ашыйнiк тармазнога парашута, якi гучна зафыркаў; гэты гук нагадваў штосьцi невыказна зямное - першы за гэтулькi месяцаў шум сапраўднага ветру.

Усё адбылося надзвычай хутка. Раней я толькi ведаў, што падаю. Зараз я гэта ўбачыў. Бела-зялёная шахматка iмклiва павялiчвалася, я заўважыў, што яна намалявана на прадаўгаватым, падобным на кiта, серабрыста-iльсняным корпусе, па баках якога вытыркаюцца iголкi радарных антэн. Галерэi аконных праёмаў былi цёмныя. Я адзначыў, што гэты металiчны гiгант не ляжыць на паверхнi планеты, а вiсiць над ёй, цягнучы на чарнiльна-чорным фоне свой цень - элiптычную цёмную пляму яшчэ большай чарнаты.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]