Салярыс (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 236 из 239

Увесь гэты горад-выспа, цяжка нахiлены набок, як напаўзатоплены карабель, бязмэтна, неўсвядомлена сунуўся наперад, марудна паварочваўся, ценi лянiва поўзалi па завулках руiн, часам праз iх прабiваўся сонечны прамень, падаючы на тое месца, дзе я стаяў. З вялiкай рызыкай я залез яшчэ вышэй, з выступаў над маёй галавой пасыпалася дробнае смецце. Падаючы, яно клубамi пылу запоўнiла пакручастыя вулiчкi i цяснiны. Вядома, мiмоiд не скала, падабенства з вапняком знiкае, калi возьмеш у руку асколак: ён значна лягчэйшы за пемзу, у яго дробнаячэiстая будова; таму ён нязвыкла паветраны.

Я ўзняўся ўжо так высока, што пачаў адчуваць рух мiмоiда: пад ударамi чорных мускулаў Акiяна ён не толькi плыў наперад невядома адкуль i невядома куды, але i нахiляўся то ў адзiн, то ў другi бок, вельмi няспешна, кожнае такое ваганне суправаджалася працяглым цмоканнем бурай i жоўтай пены, што сцякала з аголенага боку. Гэты хiстальны рух быў нададзены мiмоiду вельмi даўно, вiдаць, яшчэ над час яго народзiн, ён захаваў яго дзякуючы сваёй вялiзнай масе. Агледзеўшы з вышынi ўсё, што можна, я асцярожна спусцiўся ўнiз i толькi тады, як нi дзiўна, зразумеў, што мiмоiд мяне абсалютна не цiкавiць i што я прыляцеў сюды, каб сустрэцца не з iм, а з Акiянам.

Я сеў на цвёрдую патрэсканую паверхню за некалькi крокаў ад гелiкаптэра. Чорная хваля цяжка запаўзла на бераг, расплюшчылася i страцiла колер. Калi яна адступiла, на беразе засталiся дрыготкiя нiткi слiзi. Я падсунуўся яшчэ блiжэй i працягнуў руку насустрач наступнай хвалi.

|< Пред. 234 235 236 237 238 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]