Салярыс (на белорусском языке) :: Лем Станислав
Страница:
6 из 239
Я стаяў пад высокай, як скляпеннi храма, серабрыстай лейкай. Па сценах вiлiся пукi каляровых труб, што знiкалi ў круглых калодзежах. Я павярнуўся. Гулi вентылятары, усмоктваючы рэшткi атрутнай планетнай атмасферы, якая пранiкла сюды пад час пасадкi. Пустая, як трэснуты кокан, сiгара капсулы стаяла на дне круглай чашы стальнога ўзвышэння. Яе вонкавая абшыўка абсмалiлася i мела брудна-барвовы колер. Я спусцiўся па невялiкiм схiле. Далей на метале быў навараны слой шурпатага пластыку. Там, дзе звычайна кацiлiся каляскi пад'ёмнiкаў ракет, пластык быў працёрты аж да сталi. Раптам вентылятары сцiхлi, i ўсталявалася глыбокая цiшыня. Я бездапаможна азiраўся, чакаючы з'яўлення якога-небудзь чалавека, але нiхто не падыходзiў. Толькi свяцiлася неонавая стрэлка, паказваючы на бясшумны эскалатар. Я ступiў на яго стужку. Парабалiчныя скляпеннi залы паступова пераходзiлi ў цылiндрычны тунель. У яго нiшах ляжала мноства балонаў са сцiснутым газам, кантэйнераў, парашутаў, скрынак. Гэта мяне таксама здзiвiла. Эскалатар заканчваўся ля круглай пляцоўкi тунеля. Тут панаваў яшчэ большы кавардак. З-пад кучы бляшанак расплылася алейная лужына. Непрыемны, рэзкi пах стаяў у паветры. У розныя бакi разыходзiлiся сляды ад ботаў, выразна адцiснутыя ў гэтай лiпучай цечы. Памiж бляшанкамi, быццам вынесеныя з кабiн, валялiся скруткi белых тэлеграфных стужак, шматкi паперы, смецце. I зноў засвяцiўся зялёны паказальнiк, скiроўваючы мяне да сярэдзiны дзвярэй. За iмi быў такi вузкi калiдор, што два чалавекi наўрад цi здолелi б тут размiнуцца.
|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|