Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 98 из 173

Яна была пабудавана на карчы, і вада ледзь дакраналася да яе фундамента. Трэба было ступіць толькі крок з берага, каб апынуцца на версе гэтай хаткі. Хлопцы зараз жа і ўзлезлі на яе.

Яны зусім не чакалі, што пабудова будзе такой моцнай: яна лёгка вытрымала двух чалавек. Цікава было думаць, што пад іх нагамі сядзяць бабры. Але Віктар выказаў думку, што, мусіць, яна пакінутая, бо на ёй ляжыць старое галлё, у той час як на іншых ёсць свежае, нядаўна згрызенае.

– Яны кожны год рамантуюць свае хаты, – казаў Віктар. – Можа, цяпер зробім засаду, каб падпільнаваць іх?

Знайшлі адпаведнае месца, сушэйшае і гусцейшае, схаваліся і пачалі чакаць. Прайшло з паўгадзіны, гадзіна, а бабры не паказваліся.

– Мусіць, яны напалохаліся нашага шастання, – прашаптаў Віктар. – Наогул, удзень яны не любяць выходзіць, а цяпер тым больш.

– У такім разе не варта болей і сядзець, – падхапіўся Мірон. – Лепш за гэты час пойдзем па сваёй справе. А сюды прыйдзем заўтра, ціхенька, каб іх не спужаць.

Думка была слушная, і Віктар мусіў з ёю згадзіцца. Пайшлі далей вакол вострава. На гэты раз справа спрашчалася тым, што не трэба было абследаваць ні ўсходняга боку ад возера, ні заходняга – ад другога вострава. Нават з паўночнага боку заставалася толькі палова, бо другую, як было вядома, таксама атачала возера. Заставаўся, такім чынам, толькі паўднёвы бок.

За яго і ўзяліся. Але як ні стараліся, як ні соваліся наперад, – нідзе не маглі выйсці.

|< Пред. 96 97 98 99 100 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]