Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
99 из 173
– Якім жа чынам той чалавек прабраўся? – дзівіліся хлопцы.
– А можа, гэты недакурак якім-небудзь іншым спосабам трапіў сюды? – выказаў думку Мірон.
– Можа, варона на хвасце прынесла? – насмешліва сказаў Віктар.
– Чаго смяяцца? – сур'ёзна адказаў Мірон. – Калі ніякага іншага тлумачэння няма, дык можна падумаць, што якая-небудзь птушка несла ў сваё гняздо ды згубіла. І гэтае дапушчэнне зусім не горшае за тое, што вось нейкі чалавек чамусьці караскаўся праз балота, рызыкаваў жыццём, убачыў жыллё людзей, пастаяў, пакурыў і павалокся назад.
Разважанні Мірона таксама мелі рацыю. Віктар зусім збянтэжыўся.
– Няўжо ж прыйдзецца ўсур'ёз згадзіцца, што гэты недакурак сапраўды варона на хвасце прынесла? – сказаў ён.
– Я гэтага не кажу. Я толькі зазначаю, што і такое тлумачэнне не горшае за іншыя. Так або іначай, а трэба рыхтавацца да жыцця тут, прынамсі, на некалькі тыдняў. Улетку, безумоўна, дзе-небудзь падсохне настолькі, каб выбрацца.
– Тады лепш рабіць кладкі. За гэты час можна накідаць галля і дрэў гэтулькі, што па іх лёгка будзе прапаўзці.
– А гэта думка добрая! – ажывіўся Мірон. – Гэтак і пачнём рабіць. Нават можна ў баброў пазычыць дрэвы, бо самі мы не здолеем так іх ссячы.
План гэты спадабаўся абодвум і значна супакоіў іх. Гэткім чынам яны самі маглі дзейнічаць і набліжаць сваё выратаванне, а не сядзець, чакаючы, пакуль прырода зробіць ласку і падсушыць балота. Адной думкі аб такой магчымасці было досыць, каб энергія ў хлопцаў падвоілася.
|< Пред. 97 98 99 100 101 След. >|