Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
109 из 173
Чорны выняўз торбы хлеба, сала, солі.
Калі ўбачылі гэта хлопцы, дык у іх аж сліна пацякла.
– А можа, пакаштуем іхняга зайца? – сказаў малады.
– Не варта важдацца.
– Ну, дык я маленькі кавалачак сабе спяку. – Падышоў, узяў зайца і сказаў: – Як ён скрэмзаны. Відаць, у іх нажа не было.
– А вось неяк трымаліся, чортавы дзеці! – буркнуў чорны. – І якім чынам здолелі зайца злавіць?
– Мусіць, іх там навучаюць цяпер розным такім штукам, – казаў малады, адразаючы нажом тонкую лусту мяса. Потым палажыў яе ў попел.
Хвіліну памаўчалі, глядзелі, як скварыцца мяса. Надыходзіў вечар. Навокал было так спакойна і мірна, што цяжка было падумаць пра тую людскую жорсткасць, якая панавала тут у гэты час. Відаць, гэты настрой мімаволі ахапіў і малодшага.
– А можа, плюнуць на ўсю гэтую справу і пайсці дадому, пакуль не позна? – прамовіў ён.
Чорны сурова зірнуў на яго:
– Праз два тыдні нам спатрэбіцца гэта месца. Калі мы страцім яго, нам самім прыйдзецца рызыкаваць жыццём. Няўжо ж з-за гэтых шчанят ты сам згодзен пацярпець?
– Ды я гэта кажу толькі таму, што ўпэўнены ў іх смерці. Наўрад ці могуць яны столькі часу не прыходзіць.
– Каб цвёрда быць упэўненым, трэба перачакаць ноч, – сурова сказаў чорны.
Малады выняў мяса, пачысціў яго, пасыпаў соллю і са смакам пачаў есці.
– Нішто, – сказаў ён. – Раю і табе.
– Не хачу гэткага дабра, – махнуў рукой яго таварыш.
|< Пред. 107 108 109 110 111 След. >|