Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
113 из 173
Як шалёныя накінуліся хлопцы на гэтыя рэшткі і праглынулі не толькі агрызкі, але падабралі і ўсе малюсенькія драбкі. Віктар нават узяў сабе ў рот каліўца солі.
– Ах, якая смачная, салодкая! – цмокнуў ён. – Смачней за ўсе цукеркі і ласункі.
Пакаштаваў і Мірон. Аднак, калі Віктар яшчэ захацеў узяць, Мірон не даў.
– Гэтак ты ўсё з'ясі! – сказаў ён і дадаў: – Цяпер я не шкадую, што яны адрэзалі сабе нашага зайца. Я і добраахвотна згадзіўся б на такі тавараабмен.
Раптам Віктар крыкнуў і пляснуў сябе па галаве.
– Як жа мы не здагадаліся прасачыць, кудой яны выходзяць?!
– Вось гэта дык глупства з нашага боку! – сказаў Мірон. – І як мы маглі забыцца? Мусіць, непасрэдная небяспека ды соль зацямнілі наш розум.
– Пабяжым хоць цяпер! – крыкнуў Віктар і кінуўся наперад.
– Стой! Пачакай! – затрымаў яго Мірон. – Не забывайся, што небяспека не мінула. Можа, яны дзе па лесе ходзяць. Можа, мы ім трапім на вочы. Трэба красціся асцярожна, хавацца за кожным кустом, за кожным дрэвам.
Хоць такім спосабам і мала было надзеі дагнаць бандытаў, якія ішлі вольна, але бегчы было немагчыма.
Доўга яны ішлі такім чынам, часам і перабягалі, але бандытаў не бачылі. Калі ўжо канчаткова пераканаліся, што іх на востраве няма, пачалі шукаць сляды каля балота.
Між тым сабраліся хмары, загрукатаў гром, упалі першыя кроплі дажджу. Трэба было бегчы ратаваць агонь.
|< Пред. 111 112 113 114 115 След. >|