Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 114 из 173

І калі хлопцы непадалёк ад таго месца, дзе яны самі перабіраліся на суседні востраў, заўважылі свежыя сляды дзвюх пар ботаў, яны не адважыліся пайсці па іх. Рызыкаваць агнём было нельга.

– Цяпер мы напэўна ведаем, што шукаць пераходу на нашым востраве няма сэнсу, – сказаў Мірон, паварочваючы назад. – Гэта ўжо добра. А дагнаць мы іх наўрад ці дагонім…

– Значыць, прыйдзецца чакаць два тыдні. Яны абяцалі прыйсці па нейкай сваёй цёмнай справе. Тады падрыхтуемся ўжо і будзем разумнейшымі.



XVI

Цяжкія часы. – Спатканне са старым знаёмым. – Мядзведжая хвароба. – Каменныя прылады. – Дымарня.



Два тыдні чакаць смяротных ворагаў, каб з дапамогай іх вызваліцца! Хто б мог падумаць, што можа скласціся такое становішча?!

– Ну, як табе падабаюцца нашы прыгоды? – усміхнуўся Мірон. – Ці такія яны прыемныя, як пішацца ў кнігах?

– Цяпер, калі я пад'еў мяса з соллю і калі непасрэднай небяспекі няма, я адчуваю сябе досыць добра, – адказаў Віктар.

– А наогул?

– Наогул зусім нецікавая справа. Я ахвотна адмовіўся б ад гэткіх прыгодаў. А ты?

– І я таксама, – уздыхнуў Мірон. – Каб яшчэ ўся гэтая рызыка ды пакута мелі якую-небудзь мэту, як гэта бывае, напрыклад, на вайне ці ў якой навуковай экспедыцыі, то яшчэ сяк-так, а тут цярпі і рызыкуй немаведама дзеля чаго. Хавайся, нібы звер ад паляўнічага, без ніякай віны.

– Я проста зразумець не магу, – злосна сказаў Віктар, – як гэта чалавек можа дайсці да такога становішча.

|< Пред. 112 113 114 115 116 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]