Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
115 из 173
Вось кажуць: звер, звер! Дык нашы ж суседзі-звяры – нявінныя дзеці перад гэтымілюдзьмі! Да гэтага часу мы і бяззбройныя не мелі ад іх аніякай крыўды.
– Наадварот яшчэ: мы самі скрыўдзілі беднага мішку, – засмяяўся Мірон.
Доўга дзяліліся яны ўражаннямі аб мінулых падзеях. У кожным разе два тыдні сядзець і чакаць склаўшы рукі ў іх не было аніякай ахвоты. Таму пастанавілі ўзяцца за працу сістэматычна, планава: кожны дзень абследаваць невялікі ўчастак, але дасканала. Пры такой працы яны абавязкова павінны былі натрапіць на той праход, якім карыстаюцца бандыты.
Але праз дзень выявілася, што на гэта часу не хапае. Заяц і рыба скончыліся, а новай спажывы не было. Увесь дзень трэба было ламаць галаву, як пражыць. Грыбоў траплялася мала, бо яшчэ не час быў на іх. Набяруць крыху, прыйдуць дадому, спякуць, з'ядуць – і ўжо зноў галодныя, зноў трэба ісці. А гэтыя грыбы, калі іх спячэш, так зморшчацца, што ад іх бадай нічога не застаецца.
– Калі б яшчэ з хлебам, дык сяк-так! – уздыхалі хлопцы.
Адна толькі ўцеха была, што можна было на грыб палажыць драбінку солі, «паёк», як казаў Мірон.
Каб яшчэ да возера было як даступіцца, то, можа, прыдумалі б што-небудзь, каб рыбіну якую злавіць. Але возера нават відаць не было. Шырокае балота аддзяляла яго ад хлопцаў.
– Хоць бы яшчэ які заяц заснуў на дарозе! – казаў Віктар.
– Другога зайца, мусіць, прыйдзецца чакаць столькі гадоў, колькі мінула ад таго часу, як твая бабуля натрапіла на соннага зайца, – вылічыў Мірон.
|< Пред. 113 114 115 116 117 След. >|