Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 149 из 173

І ўсё часцей задавалі сабе пытанні: «А што, калі яны зусім не прыйдуць? Або прыйдуць праз многа тыдняў? Няўжо ўвесь гэты час так сядзець? Неўзабаве скончацца рэшткі сушанага мяса, а тады што?»

У такім настроі прыйшлі яны на варту і ў пяты дзень раніцою. А праз паўгадзіны пачулі нейкі тупат.

Ішоў ён з таго боку, адкуль павінны былі з'явіцца «госці». У хлопцаў моцна-моцна закалаціліся сэрцы. Тупат набліжаўся, цяжкі, глухі; часам чуўся гучны трэск вялікай галіны. Але бачыць, хто ідзе, нельга было.

– Або атрад бандытаў, або слон! – прашаптаў Віктар.

Вось ужо нешта мільгае між дрэў, вялікае, чырвонае. Усё выразней, выразней…

– Зубр! – у адзін голас крыкнулі хлопцы.

Нейкі ўрачысты настрой ахапіў таварышаў. Яны бачылі жывога зубра, якіх у межах Савецкай Беларусі ўжо няма*. Перад 1914 годам у Белавежскай пушчы было яшчэ 400 зуброў, але за час вайны з іх засталося ўсяго толькі каля 20, ды і тых немцы вывезлі да сябе.

* Падзеі адбываюцца ў канцы 20-х гадоў XX стагоддзя.

– Якім жа чынам ён трапіў сюды? – дзівіўся Мірон.

– А ты не памятаеш, як некалькі часу назад пісалі ў нашых газетах, што ў нас бачылі аднаго зубра? Кажуць, што ён перабег да нас з Польшчы. Белавежскую пушчу польскія паны прадалі англічанам, і тыя сякуць і вывозяць лес. Трэба думаць, што немцы не паспелі вылавіць усіх зуброў да апошняга. Мусіць, хоць адзін застаўся. І вось цяпер, калі пачалі высякаць яго родную пушчу, ён і ўцёк да нас, дзе лес гэтак не нішчаць.

– Я гэта чытаў, але пасля таго больш нічога не было чуваць аб ім.

|< Пред. 147 148 149 150 151 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]