Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 150 из 173



– І вось ён перад табою. Не дзіва, што яго тут ніхто не бачыў.

Магутны звер ішоў неяк трывожна. То спыніцца, то пачне нагамі рыць зямлю, то схіліць сваю галаву і пачне сапці. Плечы яго здаваліся нейкай скалой, за якой хавалася рэшта цела. Горб не толькі не шкодзіў, але, здавалася, упрыгожваў яго. Хлопцы ўявілі сабе, як павінен быў адчуваць сябе гэты зубр, адзін, без сям'і і таварышаў, далёка ад сваёй радзімы.

– Апошні зубр! – прашаптаў Мірон.

– Апошні! – адгукнуўся Віктар.

Раптам грымнуў стрэл!…

Зубр кінуўся ўбок, стаў на дыбы і зваліўся пярэднімі нагамі на калені. У гэты момант разлёгся другі стрэл…

Зубр паспрабаваў быў устаць, але захістаўся і ціха паваліўся на бок, нібы вялікі падсечаны дуб…

Хлопцы сядзелі, як скамянелыя. Яны не бачылі яшчэ людзей, але добра ведалі, хто гэта з'явіўся. Аднак уражанне ад смерці зубра было такое моцнае, што на момант яны зусім забыліся пра становішча, у якім самі знаходзяцца. Яны перажывалі гэтае забойства, як забойства чалавека.

– Падлюгі! – хацеў быў ускочыць Віктар, але Мірон моцна ўхапіў таварыша за руку і прымусіў сесці.

Да зубра ўжо бег знаёмы чорны бандыт са стрэльбай у руках.

«Няўжо адзін?» – падумалі хлопцы.

Але чалавек паглядзеў на зубра, павярнуўся ў той бок, адкуль з'явіўся, і крыкнуў:

– Гатова!

Праз хвіліну падбег яшчэ адзін, незнаёмы, а потым падышлі яшчэ двое.

|< Пред. 148 149 150 151 152 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]